Начная працэсія з копіяй абраза Маці Божай Валадаркі азёраў на чале з біскупам Алегам Буткевічам прайшла вакол Замкавай гары ў Браславе, дзе 16 і 17 жніўня адбываецца святкаванне 10-годдзя каранацыі цудатворнай браслаўскай іконы і 20-годдзя ўтварэння самай маладой беларускай дыяцэзіі.
Хараство ціхай жнівеньскай ночы ў Браславе стварае асаблівую малітоўную атмасферу. Гэта адчуў, бадай, кожны з некалькіх соцень удзельнікаў малітоўнага шэсця са свечкамі ў руках і малітваю Ружанца на вуснах.
Шлях працэсіі з каранаваным папскімі каронамі абразом па начных вуліцах некаранаванай сталіцы беларускага Паазер’я асвятляла мяккае серабрыстае святло поўні. Падчас шэсця не згасла ніводная свечка: нават вецер, што так любіць пагуляць па браслаўскіх пагорках сярод азёраў, сціхнуў у гэтую дзівосную ноч, напоеную водарам спелых яблыкаў з браслаўскіх садоў. Усё стварэнне ў цішыні ўзносіла хвалу Богу і Яго прачыстай Маці.
З Савецкай вуліцы працэсія звярнула на Ленінскую, а потым па Кірава зноў выйшла на Савецкую, зрабіўшы кола вакол Замкавай гары, якая памятае больш за тысячу гадоў браслаўскай гісторыі. Стагоддзі веры і надзеі, якія перарваліся некалькімі дзесяцігоддзямі бязвер’я і роспачы, што яшчэ гучаць горкім рэхам у назвах вуліц, па якіх праходзіць шэсце са свечкамі і копіяй цудатворнай іконы Валадаркі азёраў, Валадаркі роднай зямлі і сэрцаў шчырых мясцовых людзей.
Разам з гасцямі і пілігрымамі яны ідуць за сваім маладым пастырам — самым маладым дыяцэзіяльным біскупам у Беларусі, — які вядзе іх шляхам за Марыяй да Хрыста.
Апоўначы перад цудатворным абразом у касцёле, дзе праходзіла дзяцінства, дзе ўзрастала вера і пакліканне, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч распачынае цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы. Поплеч з ім пры алтары ягоныя браты ў біскупстве: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама шматлікія святары.
Некаторыя з іх таксама, як і біскуп Алег, родам з Браслава. Цяпер яны нясуць служэнне ў розных парафіях створанай 20 гадоў таму дыяцэзіі і нават вельмі далёка ад дома. Так, ксёндз Аляксандр Амяльчэня, браслаўчанін, цяпер кіруе беларускай рэдакцыяй парталу Vatican News і Ватыканскага радыё.
Па просьбе біскупа Буткевіча з Божым словам да ўдзельнікаў Эўхарыстыі звярнуўся айцец Леанард Адушкевіч OSPPE з манаскай супольнасці паўлінаў, якая апякуецца самым вядомым марыйным санктуарыем у суседняй Польшчы, што на Яснай Гары ў Чэнстахове. Паводле падання, абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, успамін якой адзначаецца 26 жніўня, напісаў святы апостал Лука на дошках стала, пры якім збіралася разам Святая Сям’я ў Назарэце.
«Стол — гэта сімвал сямейнага кола, бо менавіта пры стале са старадаўніх часоў збіралася ўся сям’я. Гэта сімвал таго непарыўнага адзінства, якім з’яўляецца кожнае сужэнства, кожная сям’я, і якога сёння так не хапае сем’ям у нашай краіне, дзе так шмат разводаў, разбітых і няпоўных сем’яў, нешчаслівых бацькоў і дзяцей.
Марыя з’яўляецца Маці і Валадаркай шчаслівага сужэнства, таму будзем прасіць Яе апекі для ўсіх беларускіх сем’яў», — заклікаў святар у гаміліі.
Нягледзячы на позні, вельмі позні час, у святыні было поўна народу. Прыгожым спевам літургію аздобіў хор, складзены з удзельнікаў школы касцёльнага спеву, якая штогод праходзіць у гэты час у Браславе пад кіраўніцтвам галоўнага арганіста мінскага катэдральнага касцёла, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі маэстра Уладзіміра Неўдаха, а таксама арганісткі і кіраўніцы хору браслаўскага санктуарыя Іны Сапун.
Пад узнёслыя спевы сэрцы вернікаў узносяцца ўгору, а Маці Божая праз шкло цудадзейнага абраза пазірае на сваіх дзяцей, як клапатлівая матуля праз шыбу вакна бацькоўскага дома. І гэты матулін позірк саграе душы непаўторнаю цеплынёю, імя якой — матчына любоў.