Пошук

16.08.2019 23:17   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Увечары 16 жніўня ў санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, адбылася ўрачыстая святая Імша з удзелам пілігрымаў, якія прыбылі на сёлетнія ўрачыстасці. Падчас Эўхарыстыі вялікая група моладзі з некалькіх парафій прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

На пачатку цэлебрацыі сабраных у святыні пілігрымаў і кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці прывітаў пробашч браслаўскай парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд SDS.

Святар паведаміў, што сёлета на ўрачыстасці Маці Божай Браслаўскай, якія праходзяць пад знакам 10-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Валадаркі азёраў папскімі каронамі і 20-годдзя ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі, прыбыло 115 пешых пілігрымаў з Глыбокага, а таксама некалькі роварных пілігрымак. На роварах у Браслаў прыехалі 15 пілігрымаў з Паставаў, 12 з Мёраў і 4 з Глыбокага.

Кс. Станіслаў адзначыў, што адна сястра сама прыехала на ровары з Віцебска.

Пасля пробашча да прысутных звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарх шчыра прывітаў удзельнікаў урачыстасці ў санктуарыі «Валадаркі азёраў, Валадаркі сем’яў, валадаркі нашых сэрцаў» у 20 гадавіну заснавання Віцебскай дыяцэзіі.

«20 гадоў — вельмі малады ўзрост нават па чалавечых мерках. Але ўжо пэўны этап пройдзены, і за яго мы дзякуем Богу», — адзначыў біскуп Алег і папрасіў прысутнага на цэлебрацыі Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы. Ён таксама прывітаў прысутнага на Эўхарыстыі Генеральнага настаяцеля сальватарыянаў кс. Мільтона Зонту SDS з Бразіліі. Менавіта яго сабраты ўжо шмат гадоў нясуць служэнне ў Браславе.

Біскуп Касабуцкі прамовіў да ўдзельнікаў Эўхарыстыі Божае слова, у якім асаблівым чынам засяродзіўся на дзеянні Духа Святога ў справе абвяшчэння Евангелля і будаўніцтва Божага Валадарства, якое пачынаецца на зямлі.

«Дзве тысячы гадоў існавання Касцёла — гэта гісторыя дзеяння Духа Святога: таямнічага, але магутнага», — падкрэсліў біскуп Юрый.

Гаворачы пра тое, што папярэднічала спасланню Святога Духа на апосталаў, ён звярнуў увагу на тое, што пасля ўкрыжавання і смерці Хрыста вера Яго вучняў моцна пахіснулася.

«Пасля ўваскрасення Хрыста вера апосталаў зноў умацавалася. Уваскрослы Пан яшчэ сорак дзён быў з імі. Ён даў сваім вучням наказ і пакліканне абвяшчаць Евангелле, што павінна было стаць сэнсам іх жыцця. Аднак рэалізаваць гэтае пакліканне яны змаглі толькі дзякуючы моцы Духа Святога, а не сваім абмежаваным чалавечым сілам», — падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што менавіта Дух Святы стаў для іх крыніцаю мудрасці і мужнасці ажно да мучаніцтва. Праз ускладанне рук яны перадавалі дар Святога Духа для абвяшчэння Божага Валадарства іншым асобам, і такім чынам вера распаўсюджвалася ў свеце.

«Моц Духа Святога неабходна таксама нам, сённяшнім хрысціянам. Каб не саромецца вызнаваць сваю веру ў тых асяроддзях, дзе жывем. Быць веруючым — гэта значыць таксама сведчыць пра Хрыста», — сцвердзіў біскуп Юрый.

Ён нагадаў, што падчас пераследу Касцёла на нашых землях дзякуючы Святому Духу людзі захавалі веру, якую мы сёння павінны абвяшчаць.

«Калі мы аддаемся Святому Духу, Ён прамаўляе праз нашыя словы і ўчынкі», — сказаў іерарх і распавёў невялікую гісторыю са свайго жыцця.

Калі будучы біскуп яшчэ ў савецкі час праходзіў службу ў войску, там панавала атэістычная прапаганда. Адказным за фармаванне бязбожнага светапогляду ў салдатаў быў зампаліт. Сярод вялікай колькасці вайскоўцаў толькі двое, сярод якіх быў таксама Юрый Касабуцкі, не пабаяліся прызнацца ў тым, што з’яўляюцца веруючымі.

«Прыйшоў Вялікдзень, які ў той год супадаў у католікаў і праваслаўных. І раптам зампаліт, адказны за атэістычную прапаганду, паклікаў да сябе мяне і майго праваслаўнага саслужыўца. Ён даў нам звальненне на Пасху і ціха сказаў: „Вы ведаеце, куды ісці“, і яшчэ цішэй папрасіў памаліцца таксама за яго…», — распавёў біскуп Юрый.

На гэтым прыкладзе ён паказаў, як сведчанне веры нават у неспрыяльных умовах запальвае агеньчык у сэрцах іншых людзей, якія, здавалася, зусім не змогуць прыняць гэтай ласкі.

Пры гэтым іерарх заўважыў, што пілігрымкі таксама з’яўляюцца моцным сведчаннем веры, што спрыяе евангелізацыі. Напрыканцы гаміліі ён пажадаў кандыдатам да канфірмацыі, пілігрымам і ўсім удзельнікам Эўхарыстыі ласкаў Святога Духа, неабходных для абвяшчэння Божага Валадарства людзям ХХІ стагоддзя.

Пасля гэтага біскуп Юрый Касабуцкі разам з біскупам Алегам Буткевічам удзялілі сакрамэнт канфірмацыі кандыдатам, якіх было каля сотні з некалькіх парафій самай маладой беларускай дыяцэзіі.

Напрыканцы Эўхарыстыі, у якой бралі ўдзел таксама прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам архімандрытам Сяргеем Гаекам, новаканфірмаваныя падзякавалі за ўдзелены ім сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

 

Абноўлена 17.08.2019 00:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа