Пошук

09.08.2019 09:09   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзяліўся радаснай навіной: у нядзелю 11 жніўня ў касцёле Найсвяцейшага Імя Божай Маці ў Чэрыкаве ўпершыню за доўгія дзесяцігоддзі зноў адбудзецца святая Імша.

Касцёл у гэтым раённым цэнтры, размешчаным на высокім правым беразе ракі Сож, быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і служыў як месца культу амаль сто гадоў. У 1950-х гадах святыня была зачынена, перабудавана і стала выкарыстоўвацца як Дом культуры.

«Атрымаўшы свабоду вервызнання, Каталіцкі Касцёл паступова вяртаецца на месцы свайго служэння, і Магілёўшчына не выключэнне ў гэтам напрамку», — казаў два гады таму дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які з’яўляецца біскупскім вікарыем для Магілёва і Магілёўскай вобласці. Будучы прызначаным на гэтае служэнне, іерарх адразу распачаў намаганні, скіраваныя на вяртанне святыні і аднаўленне ў ёй Божага культу.

«Вядома, што Касцёл як містычнае Цела Хрыста складаецца не з камянёў, а з жывых людзей, хрысціянаў. Было б няправільна спярша клапаціцца пра сцены, а потым пра супольнасць.

Таму напачатку мы разам са святарамі, якія нясуць служэнне ў суседніх райцэнтрах — Крычаве і Касцюковічах, — пачалі збіраць людзей, мясцовых жыхароў, якія з’яўляюцца католікамі», — адзначыў біскуп Аляксандр.

Пошук чэрыкаўскіх католікаў адбываўся таксама праз партал Catholic.by.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз Павел Адамовіч з парафіянамі ў вернутай святыні. Фота з архіва.

«Хтосьці з мясцовых вернікаў ужо раней быў у кантакце з пробашчам з Касцюковічаў ксяндзом канонікам Андрэем Далянскім, які ўжо больш за 20 гадоў працуе ў Магілёўскім рэгіёне, кагосьці ўдалося адшукаць за гэтыя два гады. Калі стала відавочна, што касцёл у Чэрыкаве патрэбны, мы звярнуліся да мясцовых уладаў з просьбай аб рэгістрацыі парафіі і аб перадачы старадаўняга будынку святыні новастворанай каталіцкай супольнасці», — узгадвае біскуп Аляксандр.

Цяпер, калі каталіцкая парафія Найсвяцейшага Імя Божай Маці ў Чэрыкаве зарэгістравана, а касцёл вернуты вернікам, у райцэнтры плануецца адрадзіць Божы культ і рэгулярнае душпастырства.

Біскупскі вікарый Магілёўшчыны распавядае пра тое, як да гэтага рыхтаваліся: «Напачатку ў касцёле, які доўгі час выкарыстоўваўся як Дом культуры, а ў апошнія гады пуставаў, неабходна было навесці парадак. Дзеля гэтага на дапамогу нешматлікім пакуль чэрыкаўскім парафіянам прыйшлі вернікі з іншых парафій Магілёўшчыны пад кіраўніцтвам Галіны Альбертаўны Касцюкевіч, якая мне вельмі шмат дапамагла ў рэгістрацыі новай парафіі.

Улады раёна таксама не застаюцца з боку: як могуць і чым могуць дапамагаюць парафіі. Новая старшыня касцёльнай рады Кацярына Лук’янава з адказнасцю і вялікай адданасцю пачала клапаціцца пра касцёл і супольнасць.

Супольнымі намаганнямі мы прыбраліся ў будынку, пасля чаго прывезлі сюды алтары і абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, падараваны маімі сабратамі салезіянамі. Цяпер тут можна пачынаць маліцца, каб занядбаная раней святыня з Дома культуры зноў стала домам культу — сапраўдным Божым домам».

Першая святая Імша пасля вяртання святыні адбудзецца ў касцёле Найсвяцейшага Імя Божай Маці ў Чэрыкаве ў нядзелю 11 жніўня а 16-й гадзіне па адрасе: вул. Ленінская, 192.

«Спадзяюся, што цяпер тут будуць рэгулярна адбывацца набажэнствы. Душпастырскі клопат пра чэрыкаўскіх вернікаў даручаны пробашчу парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Крычаве кс. Паўлу Адамовічу. Ён будзе кожную нядзелю цэлебраваць тут святую Імшу, — дзеліцца планамі пастыр Магілёўшчыны. — Вядома, у святыні трэба яшчэ шмат што зрабіць і перадусім уставіць вокны.

Каб сабраць на гэта сродкі, я звярнуўся з просьбай замест букетаў на маё 45-годдзе прыносіць ахвяры на новыя вокны ў чэрыкаўскі касцёл.

З Божай дапамогай мы адновім вернутую святыню і паступова адродзім рэлігійнае жыццё каталіцкіх супольнасцяў не толькі ў Чэрыкаве, але і ва ўсіх райцэнтрах Магілёўскай вобласці, дзе ёсць католікі», — спадзяецца біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 09.08.2019 10:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа