6 жніўня, у свята Перамянення Пана, Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава святую Імшу падзякі за пражытыя 45 гадоў жыцця.
Павіншаваць свайго сабрата ў біскупскім служэнні ў Магілёў прыбылі прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У святкаванні ўзялі ўдзел таксама святары і кансэкраваныя асобы, якія нясуць служэнне ў Магілёўскім рэгіёне, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мясцовай улады, шматлікія вернікі.
Гамілію падчас урачыстай цэлебрацыі прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату звярнуў увагу на значэнне свята Перамянення як у гісторыі збаўлення, так і ў жыцці кожнага хрысціяніна.
«Перамяненне Пана стала вялікай ласкай для апосталаў Пятра, Яна і Якуба, бо яны ўбачылі сапраўдную славу Езуса ў Божым Валадарстве, якая іх зачаравала. Гэтая ласка была вельмі патрэбная для іх, бо адкрыла ім, што дзеля будучай славы варта цярпець», — зазначыў іерарх.
Ён нагадаў, як у момант Перамянення Бог Айцец сказаў, што Езус — гэта яго ўмілаваны Сын, якога трэба слухаць.
«Ці апосталы Яго слухалі? Ці заўсёды заставаліся з Ім? Падчас Перамянення на гары Табор яны хацелі застацца з Езусам, але падчас выпрабаванняў усе, акрамя Яна, разбегліся.
Потым яны ўсё ж вярнуліся. Якуб стаў першым апосталам мучанікам, якога Ірад загадаў забіць у Ерузалеме, крыху пазней і Пётр пацвердзіў вернасць Езусу мучаніцкай смерцю ў Рыме, а Ян да канца сваіх дзён прапаведаваў бязмежную Божую любоў», — сказаў арцыбіскуп.
Паводле яго, хрысціяне ў сваім жыцці бываюць падобнымі да апосталаў.
«У Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах, Святым Пісанні мы сустракаем Езуса, але не заўсёды застаемся вернымі Яму і не заўсёды Яго слухаем. Таму нам неабходна перамена. Найперш духоўная, якая дасягаецца праз перамяненне грахоўнага жыцця ў жыццё ў Божай ласцы», — сцвердзіў арцыпастыр.
Ён дадаў, што жыццё хрысціяніна, яго малітва, удзел у Эўхарыстыі і іншых рэлігійных практыках з’яўляецца не чым іншым, як «узыходжаннем на сваю гару Табор».
«Кожны з нас павінен узысці на яе. Бог, „цягнучы“ нас угору, змяняе нас, і мы ўжо ідзём не адны, а з Езусам, які ведае дарогу, суцяшае і лечыць скрушаныя сэрцы», — зазначыў іерарх.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Магілёўшчына, як і іншыя регіёны нашай краіны, цярпела ад пераследу веры.
Аднак вера ў народзе заставалася. Святары час ад часу прыязджалі сюды, каб цэлебраваць Эўхарыстыю і служыць людзям. Вялікай дапамогай былі сёстры з манаскай супольнасці Місіянерак Святой Сям’і.
Першы пасля савецкіх ганенняў на Касцёл беларускі іеарах распавёў, як ён у студзені 1990 г. упершыню ў гэтай якасці прыехаў у Магілёў, каб асвяціць капліцу на каталіцкіх могілках. Тады ён начаваў у кватэры сясцёр і, увайшоўшы, убачыў, як сястра нечакана ўкленчыла перад шафай.
Напачатку біскуп здзівіўся, але потым даведаваўся, што ў шафе быў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Магілёўскія вернікі збіраліся ў сясцёр, каб такім чынам узысці на гару Табор у тыя цяжкія для веры і вернікаў часы.
«Потым былі адноўлены набажэнствы ў катэдры, і фізічна дарога на гару Табор стала больш шырокай і даступнай, хоць з маральнага пункту гледжання для многіх яна заставалася і надалей застаецца вельмі вузкай і стромай, і яшчэ далёка не ўсе імкнуцца падняцца на яе», — адзначыў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што адбудова касцёльных структур па ўсёй Магілёўшчыне адкрыла для тутэйшых людзей большыя магчымасці перамяніць сваё жыццё. Арцыпастыр падзякаваў святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за іх ініцыятывы ў справе духоўнага адраджэння Магілёўшчыны, у тым ліку за пракладанне дарогі вернікам на іх асабістую гару Табор з мэтаю іх духоўнага перамянення.
«Каб гэтае перамяненне было яшчэ больш плённым, чатыры гады таму папа Францішак прызначыў біскупа Аляксандра Яшэўскага для духоўнай апекі над вернікамі на гэтай тэрыторыі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што і біскуп Яшэўскі, які прыйшоў на свет у свята Перамянення Пана, таксама павінен быў узысці на сваю гару Табор.
«Гэтае ўзыходжанне распачалося падчас сакрамэнту хросту, потым першая споведзь і Камунія, потым сакрамэнт канфірмацыі <…>; далей — шлях да святарства ў законніцкай супольнасці салезіянаў і, нарэшце, паўната сакрамэнту святарства ў біскупскім пасвячэнні.
Перажыўшы асабістае духоўнае перамяненне, якое таксама адбывалася ў часы ваяўнічага атэізму, маючы багаты душпастырскі вопыт, біскуп Аляксандр прыйшоў на Магілёўшчыну, каб весці людзей на іх асабістую гару Табор з мэтай духоўнага адраджэння і ўмацавання веры», — зазначыў пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла.
Паводле яго, Каталіцкі Касцёл на Магілёўшчыне мае сваю слаўную і адначасова трагічную гісторыю. Калісьці Магілёўская Мітраполія ахоплівала вялізныя абшары ажно да Далёкага Усходу, а санктуарый Божай Маці Бялыніцкай непадалёк ад Магілёва быў адной з самых шанаваных святыняў на нашых землях.
«Сёння перад магілёўскім Касцёлам стаіць няпростае заданне: ажывіць веру ў гэтым рэгіёне нашай краіны. На чале гэтага працэсу Бог паставіў біскупа Аляксандра Яшэўскага. <…> Пасля яго прызначэння адказным за пастырскую дзейнасць у Магілёўскім рэгіёне, Касцёл над Дняпром пачаў адзначацца новым дынамізмам», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Разам з тым ён адзначыў, што біскупу патрэбна дапамога, і таму неабходна, каб са сваім біскупам у справе адраджэння веры супрацоўнічалі святары, кансэкраваныя асобы і ўсе мясцовыя вернікі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да іх з просьбай маліцца за біскупа Аляксандра Яшэўскага, каб Бог адарыў яго патрэбнымі ласкамі для паспяховага выканання даручаных яму абавязкаў, а таксама запрасіў іх падтрымліваць яго пастырскія ініцыятывы.
Давяраючы служэнне Біскупскага вікарыя для Магілёва і Магілёўскай вобласці заступніцтву Маці Божай Бялыніцкай, арцыбіскуп пажадаў свайму сабрату, каб, нягледзячы на шматлікія цяжкасці і выпрабаванні, ён і надалей смела ішоў за Езусам на гару Табор і вёў за сабою туды давераны яго пастырскай апецы Божы народ.
Пасля святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаў словы падзякі Богу за дар жыцця.
«„Што даць Табе, о Пане, за твае шчодрыя дары?
Што даць Табе ўзамен за ласкі, якім няма меры?“
Гэтымі словамі касцёльнай песні хачу праслаўляць Пана і дзякаваць Яму за падараваны праз маіх бацькоў дар жыцця ў свята Перамянення Пана. Я ўсведамляю, што мае чалавечыя словы не могуць выказаць той удзячнасці якая належыць Пану.
Таму ў 45-ю гадавіну майго нараджэння, у гэтай прыгожай і багатай гісторыяй катэдры хачу аднавіць сваё жаданне, каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы.
Аднавіць сваё чаканне: глыбей пазнаваць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Аднавіць сваю прагу: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога. Прашу святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў дапамагчы мне жыць і служыць для гэтага на наступныя гады жыцця».
Выказаўшы асабіста падзяку ўсім удзельнікам святой Імшы за прысутнасць і віншаванні, Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці ўручыў падзячныя граматы за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё Касцёла на Магілёўшчыне кс. каноніку Уладзіславу Завальнюку, кс. каноніку Антонію Клімантовічу, супольнасці салезіянаў у асобе Рэгіянальнага настаяцеля кс. Віктара Гайдукевіча, кс. каноніку Юрыю Быкаву, кс. каноніку Юрыю Санько, а. Раману Шульцу ОР, а. Ежы Вяжхоўскаму СMF.