Год таму фарны касцёл у Навагрудку быў абвешчаны санктуарыем сясцёр Марыі Стэлы і паплечніц, мучаніц Другой сусветнай вайны. Сёлета, у 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нацыстаў, санктуарыем мучанікаў Другой сусветнай вайны Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, святароў марыянаў, стаў таксама касцёл у Росіцы. Гэта адбылося падчас юбілейнай урачыстасці, якая праходзіла тут 2–3 жніўня.
Штогод улетку маленькая вёска Росіца ў Верхнядзвінскім раёне напаўняецца пілігрымамі з розных куткоў Беларусі i з-за мяжы. Вернікі збіраюцца, каб ушанаваць памяць мучаніцкай смерці айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.
Сёлетнія ўрачыстасці сталі адметнай юбілейнай сустрэчай, калі адзначалася 20-я гадавіна беатыфікацыі росiцкiх мучанікаў Юрыя і Антонія.
Акрамя таго, касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў абвешчаны санктуарыем Віцебскай дыяцэзіі ў гонар благаслаўлёных мучанікаў з Росіцы, якія аддалі сваё жыццё ў полымі Другой сусветнай вайны.
Аднак у гэтым годзе на ўрачыстасці ў Росiцу прыбыла не самая вялікая колькасць пілігрымаў. Хтосьці прыйшоў пешкі: так, з Полацка прыбыло 50 чалавек, з Друі — 110. 9 пілігрымаў прыехалі на роварах з Барысава, 15 — з Верхнядзвінска. Іншыя ўдзельнікі дабіралicя на аўтобусах і машынах. Вядома, месцазнаходжанне вёскі ў памежнай зоне — праз 12 кіламетраў ужо тэрыторыя Латвіі — стварае сур’ёзную цяжкасць для даезду.
Большасць пілігрымаў прыбываюць пакланіцца росіцкім мучанікам не ўпершыню, бо, напэўна, адчуваюць сябе духоўнымi дзецьмі Росіцы. Адзін раз пабываўшы на гэтай зямлі, хочацца вяртацца зноў. I ў гэтай неверагоднай цішыні вусны самі сабой узносяць малітву праз заступніцтва благаслаўлёных…
Вяртаючыся з Росіцы, адчуваеш сябе крыху іншым, абноўленым, унутрана перамененым.
На пачатку святой Iмшы шчыра і радасна ўсіх прывітаў пробашч росіцкай парафіі і кусташ санктуарыя а. Чэслаў Курэчка МІС. Цэлебраваў Імшу біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, таксама марыянінам. Прыбыў на ўрачыстасць і правінцыял правінцыі Божага Провіду айцоў марыянаў а. Томаш Навачэк МІС.
Па традыцыі начная Імша скончылася жалобным Крыжовым шляхам на Пляц мучанiцтва — месца, дзе ў 1943 годзе разам з жыхарамі Росіцы загінулі святары.
Нацысты праводзілі карную акцыю 16–18 лютага 1943 года. Некалькi тысяч жыхароў навакольных вёсак былi сагнаны ў касцёл на нялюдскую «сарціроўку»: здаровых і маладых — для адпраўкі ў Германiю на працу, дзяцей — у канцлагер Саласпілс, а астатнiх, нямоглых і старых — у агонь… Усяго тады загінула 1528 чалавек.
Разам з iмi пайшлi ў агонь i духоўныя пастыры, айцы Юрый і Антоній, хоць яны мелі ад карнікаў дазвол захаваць сваё жыццё.
Неаднаразова святарам прапаноўвалі пакiнуць Росiцу, але яны засталiся вернымi душпастырамi Божага народа i да апошніх хвілін жыцця самаахвярна служылi: спавядалі, хрысцілі, удзялялі святую Камунію. Клапаціліся яны і пра фізічныя патрэбы сваіх вернікаў.
Дапамагалі святарам сёстры эўхарысткі.
Гледзечы на ахвярную працу і любоў айцоў марыянаў да людзей, узрушваешся ўчынкам, а дакладней, подзвiгам — мужна глядзець у вочы смерцi i малiцца, служачы да апошняй хвiлiны блiжняму.
Хочацца напрыканцы ўзгадаць радкі з кнігі а. Вячаслава Пялінка MIC:
«Благаслаўлёныя мучанікі з Росіцы былi ўзнесены да хвалы алтара Святым Айцом Янам Паўлам II 13 чэрвеня 1999 года. Касцёл дае iх нам, як дапамогу і пасрэднікаў перад Богам на сённяшні дзень.
Ці ж іхняя любоў да свайго люду, якую не мог перамагчы нават агонь, аслабла? Ці ж тыя, што адгукнуліся на патрэбы і плач людзей пры жыцці, сёння не пачуюць нашых мольбаў? Ці маглі б яны сёння пакінуць нашу зямлю, якая сталася алтаром іхняй смерці?Даючы нам скарб благаслаўлёных заступнікаў, Бог рыхтаваў для нас і ласкі, якія мы можам атрымаць праз іхнюю апеку. Менавіта іх, святых мучанiкаў Юрыя і Антонія, выкарыстаў аднойчы Бог, каб стацца прысутным у цярпенні свайго люду. Цяпер Ён чыніць гэта наноў, аб’яўляючы сваё жаданне благаслаўляць нас праз іхняе заступніцтва».