Пошук

06.08.2019 10:45   Тэкст і фота: Яўген Амасёнак / Catholic.by

У ноч з 4 на 5 жніўня ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя прайшло малітоўнае чуванне перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай, у якім узялі ўдзел біскупы Аляксандр Кашкевіч і Юзаф Станеўскі.

Увечары 4 жніўня распачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай — Апякункі студэнтаў і Заступніцы города над Нёманам. Багародзіца ў сваёй святой выяве, змешчанай у капліцы гродзенскай катэдральнай базылікі, на працягу стагоддзяў ахінае сваёй матчынай любоўю моладзь і кожнага, хто з дзіцячым даверам звяртаецца да Яе па дапамогу.

Начное чуванне, якое падрыхтавалі прадстаўнікі розных парафіяльных супольнасцяў, спрыяла таму, каб яго ўдзельнікі адчулі тую бязмежную цеплыню, якая няспынна сыходзіць з бясконца любячага сэрца нашай нябеснай Маці.

Адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі таксама далучыўся да святкавання гэтай надзвычай важнай для ўсёй супольнасці мясцовых вернікаў падзеі, узначаліўшы цэлебрацыю Эўхарыстыі на пачатку чування. У прамоўленым Божым слове іерарх яшчэ раз заклікаў прысутных чытаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus Vivit — «Хрыстус жыве», — напісаную ў форме ліста да моладзі.

Адгартацыя «Хрыстус жыве» ў аўдыёфармаце ТУТ>>>

Звяртаючыся да маладых людзей, біскуп Станеўскі не абмінуў і старэйшае пакаленне, якое таксама заахвоціў да знаёмства з папскім пасланнем, нагадаўшы пра адказнасць, якую старэйшыя нясуць за выхаванне будучага пакалення.

Малітоўнае чуванне перад цудатворным абразом Маці Божай Кангрэгацкай завяршылася супольнай святой Імшой, падчас якой біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падзякаваў Богу за безліч ласк, атрыманых жыхарамі Гродна праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі, Апякункі студэнтаў і моладзі.

Абноўлена 06.08.2019 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця