Пошук

04.08.2019 22:43   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Анастасія Раманава / Catholic.by

4 жніўня ў Івянцы былі падведзены вынікі Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і адбылося фінальнае ўзнагароджанне пераможцаў.

Нагадаем, што сёлета гэтае рэлігійна-культурна-спартовае мерапрыемства сабрала 125 удзельнікаў ва ўзросце ад васьмі да сямнаццаці гадоў з дзесяці парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Як адзначыў на пачатку парафіяды арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, тут дзейнічае галоўны алімпійскі прынцып: важная не перамога, а ўдзел. Таму ўдзельнікі ўсіх каманд вяртаюцца дадому пераможцамі. Гэта дзеці і моладзь з Багданава, Вілейкі, Дзяржынска, Івянца, Маладзечна, Налібакаў, Нясвіжа, Свіра і дзвюх сталічных парафій — з Залатой Горкі і з Чыжоўкі. І гэта не толькі прыгожыя словы — у кожнай камандзе ёсць пераможцы ў той ці іншай дысцыпліне або конкурсе.

Заключную цырымонію ўзнагароджання пераможцаў правёў пасля святой Імшы Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Па агульных выніках Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі першае месца заняла каманда са сталічнай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, другое і трэцяе месца ў каманд з парафій Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы і святога Юзафа ў Маладзечне адпаведна.

Перад тым, як быў згашаны агонь Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Касабуцкі шчыра падзякаваў яе арганізатарам і гасцінным гаспадарам — івянецкім францішканам і мясцовым вернікам. Іерарх выказаў надзею на тое, што праз год у Івянцы зноў збяруцца ўсе, хто сёлета правёў тут чатыры незабыўныя дні, а таксама што да іх далучацца яшчэ шмат іншых юнакоў і дзяўчат, каб узяць удзел у чарговай, ужо Дзясятай, юбілейнай парафіядзе дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Дзякуй, Івянец! Да сустрэчы праз год!

Абноўлена 04.08.2019 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця