Пошук

02.08.2019 10:58   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Анастасія Раманава / Catholic.by

1 жніўня ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на распачацце Дзявятай парафіяды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ад імя арганізатараў касцёльнага спартова-культурнага мерапрыемства арцыпастыра прывітаў кс. канонік Юрый Санько, пробашч мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, які прыехаў на парафіяду разам са шматлікай камандай. Гучныя воплескі ўсіх сабраных на Імшы ўдзельнікаў дапоўнілі прывітальныя словы святара.

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся на значэнні парафіяды ў інтэгральным выхаванні маладога чалавека.

«Парафіяда бярэ сваю назву ад словаў парафія і алімпіяда. Таму яе можна назвать парафіяльнай алімпіядай моладзі.

Яна спалучае ў сабе спорт, мастацтва і духоўнасць з мэтай фармацыі моладзі ў гэтых галінах», — растлумачыў маладым удзельнікам дзесяці прадстаўленых на парафіядзе каманд арцыпастыр.

Ён нагадаў, што парафіяда заснавана на старажытнагрэцкай трыядзе: стадыён, тэатр і святыня.

«Вядома, што калі стол стаіць на трох нагах, то ён стабільны і не хістаецца.

Праводзячы парафіяду, Касцёл імкнецца да выхавання сталага высокакультурнага чалавека, каб у яго здаровым целе быў здаровы дух», — зазначыў арцыбіскуп.

Паводле яго, спартовыя спаборніцтвы вельмі важныя ў фармацыі маладога чалавека. Яны ўдасканальваюць фізічна, гартуюць волю, вучаць як перамагаць, так і прайграваць, каб, працуючы над памылкамі, няспынна ўдасканальвацца. Спорт, асабліва камандны, дапамагае ў сацыялізацыі чалавека і фармуе ў яго супольную адказнасць, лічыць іерарх.

Тэатр — гэта культура і мастацтва. У сувязі з гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развіцця — гэта новая евангелізацыя: абвяшчэнне Евангелля новымі метадамі. Адным з іх, на думку пастыра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з’яўляецца мастацтва, якое не мае межаў і зразумелай мовай прамаўляе да кожнага чалавека. З першых стагоддзяў хрысціянства яно служыла справе евангелізацыі і таксама ў наш час з’яўляецца важнай прыладай абвяшчэння добрай навіны.

«Святыня — у нашым разуменні Касцёл — гэта месца нашага духоўнага нараджэння і ўдасканалення, што адбываецца праз абвяшчэнне Добрай Навіны, цэлебрацыю сакрамэнтаў і іншую дзейнасць, — падкрэсліў арцыбіскуп. —

Такім чынам мы бачым, што парафіяда ахоплівае розныя сферы жыцця і дзейнасці чалавека з мэтай удасканальваць яго фізічна і духоўна».

Іерарх пажадаў удзельнікам парафіяды ў справядлівым спаборніцтве чэрпаць духоўныя і фізічныя сілы, а таксама поспехаў паводле алімпійскага прынцыпу: галоўнае ўдзел, а не перамога.

Абноўлена 02.08.2019 14:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.