Пошук

04.08.2019 22:40   Мікола Гракаў / Фота: Анастасія Раманава / Catholic.by

У нядзелю 4 жніўня святой Імшой у івянецкім касцёле святога Міхала Арханёла завяршылася Дзявятая парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленым Божым слове Генеральны вікарый архідыяцэзіі, грунтуючыся на прыпавесці пра неразумнага багача з нядзельнага Евангелля, перасцярог ад празмернага імкнення да марнасцяў і заахвоціў здабываць сапраўдныя каштоўнасці.

«Дрэнныя памкненні і хцівасць, або прагавітасць, апостал Павел называе ідалапаклонствам.

Мы, хрысціяне, не павінны паддавацца спакусе празмернай прывязанасці да рэчаў, якія прамінаюць.

Асабліва недапушчальна, каб матэрыяльныя каштоўнасці станавіліся прычынаю разладу паміж блізкімі людзьмі, як гэта часам здараецца. Некаторыя людзі забываюцца, што адыдуць з гэтага свету з пустымі рукамі і нічога з зямных прамінальных дабротаў не забяруць з сабой», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што менавіта на парафіядзе можна навучыцца цаніць тое, што сапраўды вартае. Паводле іерарха, удзел у парафіядзе вучыць маладых хрысціянаў не засяроджвацца на знешніх дасягненнях, а старацца здабываць трывалыя каштоўнасці.

«Парафіяда — гэта не толькі перамогі і ўзнагароды, а таксама новыя сябры і цудоўны час, праведзены разам.

Гэта школа братэрства і ўзаемадапамогі, дзе вучацца разам рабіць адну агульную справу, а не пераследуюць толькі свае ўласныя інтарэсы. Тут усе каманды становяцца як быццам адной сям’ёй, дзе пануе дух сапраўднай Хрыстовай любові», — зазначыў іерарх.

 

На заканчэнне святой Імшы біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў яе арганізатарам, асаблівым чынам ксяндзу Паўлу Беразуну, на чые плечы ўжо не першы год кладзецца асноўны цяжар падрыхтоўкі і правядзення гэтага рэлігійна-культурна-спартовага мерапрыемства.

Гучныя працяглыя воплескі сталі выразам падзякі ксяндзу Паўлу ад усіх удзельнікаў Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Іерарх таксама падзякаваў гасцінным гаспадарам мерапрыемства — пробашчу івянецкай парафіі айцу Леху Баханку, айцам францішканам і ўсім мясцовым вернікам, якія прыклалі шмат намаганняў для таго, каб добра прыняць удзельнікаў не толькі парафіяды, але таксама Музычнай майстэрні і дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі, якія адбываліся ў Івянцы крыху раней.

Пасля святой Імшы адбылося падвядзенне вынікаў, узнагароджанне пераможцаў і закрыццё парафіяды.

Абноўлена 05.08.2019 01:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.