Пошук

29.07.2019 17:14   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

З 26 па 28 ліпеня ў Івянцы праходзіла малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пра асаблівасці сёлетняга форуму распавёў Catholic.by кс. Андрэй Бурак, вікарый мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі.

«Сустрэча была прысвечана тэме “Рэха Сіноду: Моладзь. Вера. Пакліканне”, — адзначыў святар. — Мы будавалі яе на Апостальскай адгартацыі папы Францішка Christus Vivit — “Хрыстус жыве”. У яе апошнім раздзеле Папа піша пра пакліканне не толькі як пра голас, якім Бог кліча чалавека, але і як пра пошук дарогі, вызначанай Богам, праз служэнне іншым людзям.

На сустрэчы было прапанавана зрабіць квэст з сямю рознапланавымі заданнямі. Удзельнікі задаволеныя, усе змагаліся за перамогу. За выкананне задання кожны атрымліваў пялёстак. За выкананне сямі заданняў атрымалася цэлая кветка, якую на галоўнай святой Імшы на заканчэнне сустрэчы змясцілі перад алтаром. Гэта сімвал таго, што моладзі трэба разам, бо Касцёл — таксама супольнасць».

Дзейнічала на сустрэчы і «майстэрня святога Юзафа». На працягу суботы ўдзельнікі майстравалі там дары, якія на наступны дзень на галоўнай Імшы прынеслі да алтара.

«Першым дарам была сімвалічная рыба як знак хрысціянства, — распавёў кс. Андрэй. —Яе рабілі ўсе разам, пакідаючы адбіткі сваіх пальцаў. Яшчэ адным дарам былі меч і крылы, якія сімвалізуюць арханёла Міхала, бо ён з’яўляецца апекуном нашай архідыяцэзіі, а таксама івянецкай парафіі. Таксама гэта сімволіка малітоўных сустрэч у Івянцы. Робячы іх, кожны павінен быў забіць цвік, пасля цвікі былі абматаны ніткай. Гэты дар — сімвал супольнасці.

Трэцім дарам стаў компас, на якім змешчаны голуб — сімвал Духа Святога. На гэтым компасе няма поўначы і поўдня, але ёсць дарогі, якія чалавек можа абраць: сямейнае жыццё, святарства, самотнае жыццё ці кансэкраванае. Компас зрабілі аніматары, а кожны з маладых людзей павінен быў запісаць на аркушы паперы сваю мару, скласці яго, і з гэтых аркушаў атрымаўся цэлы голуб».

Таксама для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны тэматычныя намёты.

Адзін з іх прысвячаўся святому Антонію, які дапамагае ў пошуку згубленых рэчаў, і быў зроблены накшталт пошукавай сістэмы. Быў і «намёт нябеснай канцылярыі», куды моладзь магла звярнуцца з усімі пытаннямі, якія датычаць духоўнага жыцця, але не толькі каб нешта атрымаць, але найперш каб прычыніцца да супольнага духоўнага ўзрастання. У гэтым намёце можна было ўзяць чытанне падчас Імшы, запісацца на ўдзел у прынясенне дароў.

Акрамя таго, форум уключаў майстар-класы. «Досвед мінулых гадоў паказвае, што моладзь цікавіць не толькі тэорыя, але і практыка, — дадаў кс. Андрэй Бурак. — Ёсць жаданне вынесці з сустрэчы нейкія плёны, каб пасля выкарыстаць іх у жыцці». Майстар-класаў у межах сустрэчы было сем: фота, італьянская мова, габрэйская мова, танцы і іншыя, з якіх кожны мог выбраць тое, што яму цікава. Безумоўна, вывучыць мовы за адну лекцыю немагчыма, але можна было пазнаёміцца з іх асновамі, каб заахвоціць да далейшага вывучэння.

Галоўнай мэтай форуму, як распавёў святар, была сустрэча чалавека з Богам. Форум праходзіў пад дэвізам «Вось я, пашлі мяне…» са сцэны паклікання Ісаі ў Святым Пісанні, дзе Бог пытаецца ў гэтага прарока, каго Яму паслаць, і той адказвае на заклік.

«Мы стараліся дапамагчы кожнаму ўдзельніку адчуць, што ён таксама пакліканы, дапамагчы адказаць на пытанне, ці можа ён распазнаць дарогу, якая вядзе да шчасця, да збаўлення, праз служэнне іншаму чалавеку,

— адзначыў кс. Андрэй. — Мы імкнуліся паказаць, што не трэба чакаць, пакуль Бог да мяне звернецца, а што праз служэнне, ахвяраванне сябе, дзяленне любоўю можна пачуць голас Хрыста, знайсці шлях, які Бог кожнаму з нас падрыхтаваў.

Цяжка сказаць, ці дасягнулі мы ўжо гэтай мэты. Напэўна, гэта толькі пачатак шляху, які павінен даць магчымасць кожнаму ўдзельніку адчуць, што яму падабаецца, і адчуць, што служэнне іншаму можа прыносіць карысць. Пра тое ж, ці дасягнулі мы яе, мы, напэўна, даведаемся праз некалькі гадоў».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.