Пошук

02.08.2019 18:24   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Анастасія Раманава / Catholic.by

2 жніўня ў праграму другога дня Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі свае карэктывы ўнесла надвор’е.

Правёўшы напярэдадні цудоўны вясёлы вечар, удзельнікі парафіяды прачнуліся пад шэрым хмарным небам, з якога імжэў дождж.

Хоць многім так не хацелася выходзіць з нагрэтых за ноч намётаў пад сцюдзёныя кроплі, аднак ранішнюю малітву прапусціць немагчыма.

Цэлебрацыю святой Імшы для ўдзельнікаў парафіяды ўзначаліў адзін з яе арганізатараў кс. канонік Юрый Санько. У прамоўленай гаміліі святар распавёў пра два сталы, якія Касцёл прапануе штодзённа вернікам на святой Імшы — стол Божага слова і стол Эўхарыстыі. Прымаючы з гэтай крыніцы духоўных дароў Божую ласку, мы пакліканы несці яе ў нашую штодзённасць і дзяліцца ёю з бліжнімі, нават калі яны не жадаюць яе прымаць, як не жадалі прымаць Езуса Яго суайчыннікі. Ксёндз Юрый заахвоціў да гэтага ўдзельнікаў парафіяды прыкладам з уласнага жыцця, распавёўшы, як яго старэйшыя браты, якія ў дзяцінстве кпілі з ягонай пабожнасці, сёння часта раяцца з ім па розных важных жыццёвых пытаннях.

Пасля сняданку дзень, прысвечаны стадыёну, павінен быў працягнуцца лёгкаатлетычнымі спаборніцтвамі, аднак з-за дажджу замест іх вырашылі правесці конкурс малюнкаў. Камандам было прапанавана выявіць у адным супольным малюнку тое, як іх удзельнікі бачаць сваю будучыню.

Найдалей у сваёй футурыстычнай фантазіі «паляцелі» юнакі і дзяўчаты з Налібакаў, якія намалявалі высадку беларускага касманаўта на Месяцы.

Іх аднагодкі з мінскай парафіі на Залатой Горцы ўявілі, як будзе выглядаць 275-я парафіяда дзяцей і моладзі. «Наша будучыня ў нашых руках», — заявілі сваім малюнкам удзельнікі парафіяды з Дзяржынска, а прадстаўнікі парафіі святога Юзафа з Маладзечна ўпэўненыя, што менавіта яны і ёсць будучыня Касцёла ў Беларусі і ў свеце.

 

Абноўлена 03.08.2019 00:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.