26–27 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве адбыліся рэкалекцыі апостальскага руху «Легіён Марыі».
Легіянераў гасцінна прымаў пробашч парафіі кс. Уладзімір Русак. У рэкалекцыях удзельнічалі легіянеры з Маладзечна, Смаргоні і Вілейкі.
Праводзілі рэкалекцыі кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі св. Юзафа ў Маладзечне, а. Юрый Находка OCD, духоўны кіраўнік каміцыума «Легіёну Марыі», і кс. Дзмітрый Чупрын, духоўны кіраўнік курыі Маці Божай Каралевы Анёлаў у Маладзечне.
Ксёндз Эдмунд, разважаючы над шматлікімі аспектамі духоўнага ўзрастання легіянераў, асаблівым чынам звярнуў увагу на часты ўдзел у Эўхарыстыі, на якую мы запрошаны кожны дзень, як на гасціну Пана. Ён адзначыў важнасць годнай падрыхтоўкі да Эўхарыстыі і яе перажывання.
Айцец Юрый, як духоўны кіраўнік, разважаў над абавязкамі актыўных і дапаможных легіянераў, заклікаў да адвагі пры выкананні легіянерскіх заданняў. Ксёндз Дзмітрый засяродзіў увагу на правілах, якія легіянеры павінны выконваць у сваім жыцці і апостальскім служэнні, узяўшы за аснову правілы св. Бэнэдыкта.
Дні рэкалекцый былі напоўнены малітвамі і канферэнцыямі, а таксама хвілінамі сяброўскіх размоў за кубкам гарбаты. Легіянеры дзяліліся сведчаннямі веры і вопытам сваёй працы.
На заканчэнне ўдзельнікі дзякавалі Богу і рэкалекцыяністам за магчымасць духоўнага аднаўлення, за ўмацаванне ў пакліканні і, гатовыя далей служыць Пану пад харугвамі «Легіёну Марыі», раз’ехаліся па сваіх парафіях.