Пошук

29.07.2019 10:06   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота кс. Аляксандра Уласа

28 ліпеня ў Івянцы завяршылася малітоўная сустрэча моладзі. Цэлебрацыю святой Імшы на завяршэнне моладзевага форуму ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У гаміліі ён засяродзіўся на чытанні Евангелля XVII звычайнай нядзелі. У гэтым чытанні апосталы просяць Езуса навучыць іх маліцца. Езус вучыць іх малітве «Ойча наш», а потым кажа быць трывалымі ў малітве, бо такую малітву Бог выслухоўвае.

У малітве «Ойча наш», адзначыў арцыбіскуп, усхваляецца Бог, як наш нябесны Айцец. У ёй мы просім ласкі, каб Яго нябесная воля стала нашай, просім таксама аб справах зямных, просім прабачыць нашыя грахі, як і мы прабачаем нашым вінаватым. Акрамя таго, просім Бога выратаваць нас ад спакусы, што азначае, каб мы мелі дастаткова духоўных сіл не паддацца спакусам.

Вельмі важным, дадаў іерарх, з’яўляецца трыванне ў малітве, да якога заахвочвае Езус.

«У жыцці часта бывае так, што мы молімся, а потым адкідваем малітву і кажам, што Бог нас не выслухоўвае. Іншыя кажуць, што маюць усё і ім няма патрэбы маліцца. Такое меркаванне памылковае. Найперш мы не ведаем, ці тое, чаго просім у Бога, будзе служыць нашаму збаўленню», — адзначыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Гэтыя пастулаты малітвы «Ойча наш», па яго словах, добра адпавядаюць тэме сёлетняй сустрэчы моладзі ў Івянцы: моладзь, вера і пакліканне.

«Касцёл заклапочаны складанай сітуацыяй моладзі, асабліва яе маральным жыццём, якое перажывае глыбокі крызіс, — заўважыў іерарх. — Вера найчасцей слабая і павярхоўная. Сучасны малады чалавек не можа вырашыцца са сваім пакліканнем. Гаворка ідзе пра пакліканне не толькі да святарства ці кансэкраванага жыцця, але і да жыцця сямейнага. Маладыя баяцца прыняць адказнае рашэнне».

«Чалавек — гэта не толькі цела, але і душа. Таму не дастаткова набыць добрыя веды, знайсці добрую працу і забяспечыць сябе матэрыяльна.

Неабходны таксама духоўны багаж, каб рэалізаваць свае мары», — нагадаў арцыбіскуп.

Таму, падкрэсліў ён, вельмі важная духоўная фармацыя моладзі, пачынаючы з дзіцячага ўзросту, і сталая фармацыя.

На заканчэнне арцыбіскуп пажадаў моладзі і ўсім прысутным трываласці ў малітве, якая з’яўляецца гарантыяй нашай глыбокай веры і распазнання нашага паклікання.

Абноўлена 29.07.2019 12:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця