Пошук

05.07.2019 21:04   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі, Мікола Новікаў, Віктар Ведзень / Catholic.by

Большасць з тых, хто 5 ліпеня прыйшоў у Будслаў пешкі або прыехаў на ровары, сабраліся ўвечары на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Казімір Велікаселец.

Усю першую палову дня ў Будславе імжэў дождж, аб якім даўно прасілі людзі ў сваіх малітвах. Такі патрэбны для сялян, дожджык крыху падмачыў пілігрымаў. Іх стракатыя ад рознакаляровых дажджавікоў шэрагі адзін за адным прыходзілі сёння ў Нацыянальны санктуарый, на парозе якога іх вітаў пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік.

Вядома, пілігрымка — не турпаход. Таму той, хто з малітваю ідзе ў гэты шлях да Маці Божай, не думае пра выгоды, а ўсе выпрабаванні дарогі ахвяруе Богу.

Традыцыйна падчас святой Імшы з удзелам пілігрымаў кс. Кірыл Бардонаў паасобку прывітаў удзельнікаў кожнай з 21 сёлетняй пілігрымкі з усіх дыяцэзій Каталіцкага Касцёла на Беларусі: 19-і пешых і трох велапілігрымак. Святар называў месца, адкуль ішлі пешкі або ехалі на роварах пілігрымы, агучваў пераадоленую імі адлегласць і абвяшчаў колькасць удзельнікаў і імя кіраўніка.

Пілігрымы ў адказ размахвалі сваімі сцягамі і гучна рэагавалі воклічамі і воплескамі, паказваючы, што доўгая дарога і сустрэтыя на ёй цяжкасці і перашкоды не азмрочылі для іх радасці сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай.

Як і ў мінулыя гады, найбольш пілігрымаў прыбыло з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Апякункаю якой з’яўляецца Маці Божая Будслаўская.

Такім чынам, традыцыя пілігрымак у Будслаў, якія таксама з’яўляюцца прызнанай ЮНЕСКА часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, працягваецца і падтрымліваецца маладым пакаленнем беларускіх вернікаў.

Абноўлена 05.07.2019 22:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця