Пошук

03.07.2019 17:57   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Жанна Вераціла / Catholic.by

30 чэрвеня ў Мiнойтах, што пад Лідай, з удзелам біскупа Кашкевіча адзначылі 90-годдзе асвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i святога Андрэя Баболі.

Як адзначана на партале Grodnensis.by, гэта быў дзень падзякi Пану Богу i продкам за дар мясцовай святынi, у якой вернiкi ўжо амаль цэлае стагоддзе збiраюцца на малiтву. Падчас урачыстай св. Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў групе мясцовых парафіянаў сакрамэнт канфірмацыі.

Пробашч парафіі ў Мінойтах кс. Андрэй Радзевiч пазнаёміў прысутных з гісторыяй гэтай невялікай і простай драўлянай святыні, якая была пабудавана за сродкі шляхціцаў Гадачэўскіх і іншых мясцовых вернікаў у 1928 годзе.

Асвячаны касцёл быў 28 ліпеня 1929 года лідскім дэканам кс. Гіпалітам Баярунцам.

Сённяшні пробашч парафіі ў Мінойтах з асаблівай пашанай распавёў пра сваіх папярэднікаў, якія вялі тут актыўную душпастырскую дзейнасць.

Першы мінойтаўскі пробашч кс. канонік Караль Любянец, пакінуўшы адказныя пасады ў Вільні, прысвяціў сябе арганізацыі парафіі і святарскаму служэнню сярод простага вясковага люду.

У Мінойтах ён заставаўся да 1935 года, а ў 1942 годзе за актыўную душпастырскую дзейнасць быў расстраляны нацыстамі.

У ваеннае ліхалецце тут неслі служэнне два святары: кс. Чэслаў Янкоўскі і кс. Міхал Маеўскі. Пасля вайны, у 1950 г. савецкія ўлады арыштавалі кс. Янкоўскага і саслалі ў ГУЛАГ. Святар быў вызвалены ў сакавіку 1956 года і служыў у Мiнойтах ажно да смерці.

Адважны душпастыр, загартаваны цяжкімі выпрабаваннямі, употай хрысціў дзяцей і благаслаўляў сужэнствы ў часы самага жорсткага савецкага пераследу веры, не пакідаючы ніякіх нататак, якія маглі трапіць у рукі чыноўнікаў-атэістаў.

Толькі Бог ведае, колькі сакрамэнтаў удзяліў кс. Чэслаў Янкоўскі і ў святыні, і ў сваім доме за доўгія гады ажно да свайго адыходу да Пана 20 кастрычніка 1982 года.

Кс. Андрэй Радзевiч не забыўся і пра ўнёсак у справу захавання святыні і веры простых людзей, тутэйшых вернікаў.

Яны сцераглі свой касцёльчык удзень і ўначы, каб бязбожныя савецкія ўлады не забралі ў іх самае каштоўнае — іх святыню.

Фота: Дзмітрый Іўчанка, fotobel.by

Святар адзначыў, што гэтая святыня з’яўляецца выразным сімвалам веры мясцовых парафіянаў:

«Яна такая простая, звычайная, можа, нічым не прыкметная — не мае нават пэўнага архітэктурнага стылю, аднак у той жа час такая моцная і прыгожая ў сваёй прастаце.

Яна выстаяла і ў часы Другой сусветнай вайны, і ў часы савецкай атэізацыі».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў пробашчу і вернікам мінойтаўскай парафіі за клопат аб святыні, за iх сведчанне веры — такое простае і такое прыгожае, якое яны пранеслі праз усе цяжкія часы і якое квітнее ў iх сэрцах таксама сёння.

Абноўлена 03.07.2019 18:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця