Пошук

03.07.2019 15:24   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

3 ліпеня святой Імшой у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены распачалася 15-я пілігрымка на роварах Мінск – Будслаў.

У дзень, калі Касцёл адзначае свята святога Тамаша, цэлебрацыю Эўхарыстыі з удзелам велапілігрымаў узначаліў айцец Язафат Кунцэвіч, бэрнардын. Духоўны нашчадак манахаў, якія больш за чатыры стагоддзі таму, пасяліўшыся ў буданах сярод пушчы на берагах ракі Сэрвач, заснавалі там паселішча Будслаў, благаславіў пасля св. Імшы пілігрымаў на дарогу.

Усяго сёлета з Мінска ў Будслаў выехалі 40 вандроўнікаў на «жалезных конях».

Гэта людзі рознага ўзросту і розных заняткаў, некаторыя сярод іх — сапраўдныя «велапрофі», а некаторыя — «веланавічкі». Але на час пілігрымкі ўсіх іх аб’яднала агульнае імкненне адзінай камандай-сям’ёй дасягнуць Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, каб там пакланіцца Божай Маці, у чарговы раз даручыўшы Ёй усё тое, чым напоўнены сэрцы і з чаго складаецца жыццё.

Трохдзённы шлях велапілігрымаў пралягае праз Радашковічы і Касцяневічы, дзе вандроўнікі спыняюцца на начлег і дзе іх гасцінна вітаюць вернікі і пробашчы тамтэйшых парафій — кс. канонік Юры Быкаў і кс. Пётр Пятрага. На жаль, сёлета з велапілігрымамі не едзе ніводзін духоўны, хоць удзельнікі, рыхтуючыся ў дарогу, шчыра гэтага жадалі і нават маліліся ў гэтай інтэнцыі. Не праводзіў іх, як бывала раней, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: стан здароўя ўжо другі год не дазваляе іерарху сядаць на ровар.

 

Пілігрымка на роварах няшмат у чым адрозніваецца ад звычайнай пешай пілігрымкі. Праўда, тут значна цішэй: круцячы педалі, спяваць не атрымаецца, а да таго ж, у адпаведнасці з правіламі дарожнага руху, пілігрымы на роварах едуць невялікімі групамі на адлегласці адна ад адной.

Хоць тут замест мазалёў на нагах здараюцца праколы ў шынах, аднак і ў велапілігрымцы самае галоўнае — не пластыры ці латкі, а братэрства і ўзаемадапамога.

Паколькі старт пілігрымкі супаў з Днём Рэспублікі і святкаваннем 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, праезд праз цэнтр горада выглядаў не так, як звычайна. Аднак міліцыянеры ў белых кашулях, бачачы вялікую групу на роварах з блакітнымі марыйнымі сцягамі, толькі ветліва ўсміхаліся і нідзе не чынілі перашкодаў.

Няхай жа так і на ўсёй дарозе да Нацыянальнага санктуарыя ў сарака адважных велапілігрымаў, дзесяць з якіх упершыню вырушылі ў Будслаў на роварах, не ўзнікне ніякай перашкоды. А ўсе складанасці і выпрабаванні, без якіх не абыходзіцца ніводная пілігрымка, няхай дапаможа ім пераадолець матчына заступніцтва Той, да каго кіруюць яны свае памкненні і імпэт сваіх «жалезных коней».

 

Абноўлена 03.07.2019 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця