Пошук

01.07.2019 13:12   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Раніцай 1 ліпеня ў цэнтры беларускай сталіцы гучаў не пагрозлівы грукат і роў вайсковай тэхнікі, што рыхтуецца да параду, а ўзнёслыя і радасныя спевы пілігрымаў, якія ўжо ў 29-ы раз пешкі вырушылі ў Будслаў.

Некаторыя з тых, хто ў дзяцінстве пачынаў хадзіць да Маці Божай і пазней у пілігрымцы знайшоў сваю «палавінку», цяпер зноў ідзе ў Будслаў ужо са сваімі дзеткамі, з новай зменай малых адданых католікаў. Як заўсёды, большасць пілігрымаў складае моладзь.

Нездарма тэма бягучага пастырскага года ў Беларусі — «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі» — аб’яднала ў сабе дзве асноўныя складаныя, якія вызначаюць будучыню Касцёла і свету: сям’ю і моладзь.

Пілігрымка традыцыйна распачалася святою Імшою ў сталічным катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на выхаваўчым значэнні пілігрымкі; на тым, якім чынам гэтая асаблівая форма рэлігійнай практыкі дапамагае яе ўдзельнікам у духоўным узрастанні і чалавечым сталенні.

«У пілігрымцы вельмі важнае значэнне мае дысцыпліна. У наш час, калі ўсё больш людзей не ўмее і не жадае слухаць і слухацца, хрысціянам неабходна засвоіць гэтую цноту.

Сваёй паслухмянасцю кіраўніку ў пілігрымцы чалавек вучыцца паслухмянасці Божай волі», — адзначыў біскуп Юрый.

Ён таксама звярнуў увагу на яскравае сведчанне веры, якое ў сучасным секулярызаваным свеце даюць пілігрымы. Ідучы па вуліцах нашых гарадоў, па дарогах нашай роднай краіны, яны неадменна звяртаюць на сябе ўвагу, прымушаюць выпадковых мінакоў задумацца над сэнсам уласнага жыцця. Пажадаўшы духоўным вандроўнікам радасці і аптымізму на ўсю дарогу, біскуп Юрый заахвоціў іх дапамагаць адно аднаму, ахвярна дзелячыся з бліжнім усім неабходным.

«Пілігрымка — гэта таксама выпрабаванне ахвярнасці, шчодрасці і братэрства.

Бачачы, што хтосьці нацёр нагу, ці гатовы я буду аддаць свой мазольны пластыр, ці захаваю яго на той выпадак, што ён пазней можа спатрэбіцца і мне самому?..» — прапанаваў паразважаць пастыр.

Напэўна, пасля такога настаўлення сярод амаль дзвюх соцень пілігрымаў — тых, якія выйшлі раніцай, і тых, якія маюць намер далучацца па дарозе, — будзе панаваць дух сапраўднага братэрства, таму што ўсе мы — дзеці адной нябеснай Матулі, адна вялікая Божая сям’я.

І ўсталюецца за пяць дзён пілігрымкі паміж імі і іх «капітанам» — кс. Андрэем Бураком — такая еднасць і паразуменне, як у адной дружнай марской камандзе, якую па бурлівых хвалях вядзе Зорка Мора Марыя да бяспечнага порту — Яе Боскага Сына.

Фота Віктара Ведзеня

Акрапіўшы на заканчэнне святой Імшы пілігрымаў асвячонаю вадою, біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў іх ахвяраваць усе цяжкасці дарогі Богу як прыемны Яму дар падзякі і ўміласціўлення, каб былі выслуханы просьбы і намеры сэрцаў усіх тых, хто кіруе свае крокі да Маці Божай, а праз Яе — да Хрыста.

 

Абноўлена 01.07.2019 14:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця