Пошук

01.07.2019 13:42   Тэкст і фота: кс. Дзмітрый Барыла / Catholic.by

29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Ракаве, каб у гэты дзень разам з мясцовымі вернікамі праславіць Бога праз заступніцтва вялікіх святых.

У гэтыя дні арцыбіскуп праходзіць рэабілітацыю у Рэспубліканскім клінічным шпіталі медыцынскай рэабілітаціі ў Аксакаўшчыне, што размяшчаецца на тэрыторыі ракаўскай парафіі.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на постацях вялікіх апосталаў і заклікаў вернікаў адказаць на пытанне, якое задаў Езус апосталам: «А вы кім лічыце Мяне?»

«Нельга Евангелле Езуса дапасоўваць выключна на сваю карысць і рабіць адбор: што мне патрэбна і прыемна, тое прымаю, а што мне не пасуе, тое адкідваю, — адзначыў арцыбіскуп. — Слова Божае адзінае і нязменнае, навекі».

Кажучы пра святога Пятра як скалу, на якой пабудаваны Касцёл, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу, што кожны чалавек у сваім жыцці павінен мець добры моцны фундамент, і ў такім выпадку ніхто не знішчыць тое, што вечнае і святое. У якасці прыкладу ён нагадаў пра ракаўскі касцёл, які мае моцны фундамент і, хоць быў зачынены як святыня, неадпаведным чынам выкарыстоўваўся, аднак выстаяў. Таксама, па яго словах, і парафіяне, хоць і зносілі пераслед, але не зламаліся — захавалі веру.

Напрыканцы арцыбіскуп заахвоціў усіх прысутных быць апосталамі, сведчачы сваім словам, прыкладам жыцця, адказным выкананнем штодзённых абавязкаў пра Езуса і Яго Евангелле.

Ён падкрэсліў, што ў гэтыя дні пілігрымкі, якія ўжо распачалі або ў хуткім часе распачнуць свой шлях, асаблівым чынам праз адмову ад выгоды сведчаць аб Езусе Хрысце.

Благаслаўляючы вернікаў, пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі маліўся аб паспяховым правядзенні ўсіх распачатых і запланаваных у ракаўскай парафіі працаў на хвалу Пана Бога і карысць людзям.

Абноўлена 01.07.2019 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа