Пошук

23.06.2019 08:58   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: naszdziennik.pl

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

СЭРЦА ЕЗУСА — ЛЮБОВІ СКАРБНІЦА

Пастырскае пасланне з нагоды 120-годдзя ахвяравання свету Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса папам Львом XIII

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. 120 гадоў таму, 11 чэрвеня 1899 г., папа Леў XIII здзейсніў Акт ахвяравання чалавечага роду Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, тэкст якога ён змясціў у энцыкліцы Annum sacrum — «Святы год». Гэты Акт схіляе нас да ўдзячнасці Езусу, які палюбіў нас да канца, пасхальнай таямніцай сваёй смерці і ўваскрасення выбавіў з палону граху і ўчыніў сваім каралеўствам (пар. Ап 1, 5-6).

Сёння, праз 120 гадоў, перад абліччам шматлікіх выклікаў сучаснасці, у тым ліку розных узброеных канфліктаў, тэрарыстычных актаў, праяўленняў эгаізму і геданізму, непашаны да чалавечага жыцця, крызісу інстытуту сям’і, маральнага рэлятывізму, абыякавасці да веры, страты надзеі, будавання цывілізацыі нянавісці і смерці, шматлікіх амаральных залежнасцяў, мы павінны нанава асэнсаваць значэнне набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, у якім любові скарбніца і крыніца ўсялякага суцяшэння, супакой і паяднанне (пар. Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса).

2. Папа Леў XIII кажа, што прысвячэнне чалавечага роду Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса з’яўляецца не чым іншым, як годным нашага Збаўцы дзеяннем з нагоды таго, кім Ён ёсць на самай справе і што ўчыніў для дабра ўсіх людзей.

Калі хрысціянін у Сэрцы Езуса бачыць сімвал і вобраз бязмежнай любові Хрыста, якая яго заахвочвае да ўзаемнай любові ў адказ, то ён сам павінен адчуваць патрэбу асабістага ўдзелу ў справе збаўлення. Таму кожны хрысціянін у Акце прысвячэння чалавечага роду Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса павінен бачыць ахвяраванне сябе самога Хрысту і абавязкі, што з гэтага вынікаюць.

Так зразуметае ахвяраванне звязана з місійнай дзейнасцю Касцёла, бо адпавядае прагненням Сэрца Езуса, каб праз дзейнасць членаў Яго Містычнага Цела распаўсюджваць па ўсім свеце справу Божага Валадарства, як зазначыў у сваім пасланні на 100-годдзе ахвяравання чалавечага роду Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса святы Ян Павел ІІ.

Культ Сэрца Езуса узнік ужо ў раннім Сярэднявеччы, аднак да яго распаўсюджвання вельмі моцна прычыніліся святая Маргарыта Марыя Алякок і яе спавяднік святы Жан Эд. У сваіх аб’яўленнях Маргарыце Марыі Алякок Езус заахвочваў да распаўсюджвання культу Яго Сэрца. Прыхільнікам гэтага культу Ён паабяцаў шматлікія ласкі, выказаныя ў 12 абяцаннях. Між іншым, Езус казаў, што Яго Сэрца так палюбіла людзей, што не шкадавала сябе аж да абсалютнага знішчэння з мэтай праяўлення любові. Узамен жа Яно адчувае пагарду. У сваіх аб’яўленнях Езус пажадаў, каб пятніца пасля актавы Божага Цела была прысвечана Ягонаму Сэрцу як узнагароджанне за ўсе знявагі.

Распаўсюджванню культу Сэрца Езуса спрыялі ўсе Пантыфікі пасля Льва XIII. Асабліва адзначыліся Папы апошніх часоў: Пій ХІ, Павел VI, Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак.

3. Папа Павел VI вучыць, што неабходна пашыраць культ Сэрца Езуса, засноўваючыся найперш на таямніцы Эўхарыстыі, дзякуючы якой ажыццяўляецца асвячэнне чалавека і праслаўленне Бога, што з’яўляецца мэтай Касцёла.

Актуальнымі з’яўляюцца і словы святога Яна Паўла II з яго энцыклікі Dives in misericordia («Вялікі ў міласэрнасці Бог»), што набліжэнне да Хрыста ў таямніцы Яго Сэрца дазваляе нам затрымацца ў цэнтральным пункце аб’яўлення міласэрнай любові Айца, якая з’яўляецца цэнтрам месіянскай місіі Божага Сына (пар. DM 13).

Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што культ Сэрца Езуса ўкаранёны ў таямніцы Богаўцелаўлення; любоў Бога да чалавецтва асаблівым чынам праяўляецца праз Сэрца Езуса. Таму культ Найсвяцейшага Сэрца надалей захоўвае сваё значэнне і прыцягвае да сябе душы, якія прагнуць Божай міласэрнасці і знаходзяць у ім крыніцу, з якой чэрпаюць ваду жыцця, каб навадняць пустыню чалавечай душы і прабуджаць надзею.

Папа Францішак вучыць, што Сэрца Добрага Пастыра схіляецца да людзей, асабліва да тых, хто знаходзіцца на жыццёвай перыферыі. Туды накіравана стрэлка Яго компасу; там Ён праяўляе моц сваёй любові, бо імкнецца дасягнуць усіх людзей і не страціць нікога.

4. Менавіта таму мы павінны практыкаваць і развіваць культ Сэрца Езуса, асабліва ў прысвечаным Яму месяцы чэрвені, каб будаваць цывілізацыю любові і жыцця, бо праблемы сучаснага свету ўзнікаюць найперш з праблем чалавечага сэрца. Калі хрысціянін перад абліччам заданняў новай евангелізацыі і адказу на небяспечныя выклікі часу накіроўвае свой позірк да Сэрца Езуса, Валадара сусвету, і прысвячае сябе Яму, то ён становіцца носьбітам святла Евангелля і Божай міласэрнасці.

Культ Сэрца Езуса вядзе да любові да Бога Айца як крыніцы сапраўднай любові. Нагадвае пра гэта святы апостал Ян, які кажа, што любоў праўляецца ў тым, што не мы першыя палюбілі Бога, але Ён нас палюбіў і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі (пар. 1 Ян 4, 10). Гэта азначае, што Езус атрымлівае любоў ад Бога Айца і адорвае ёю нас, грэшных. Ён з любоўю прымае грэшнікаў і ў сваёй бязмежнай міласэрнасці прабачае грахі тым, хто каецца.

У набажэнстве да Сэрца Езуса Касцёл бачыць знак любові Бога да чалавека. Ён таксама імкнецца прабудзіць у чалавечых сэрцах узаемную любоў да Бога. Сам Езус надаў гэтаму набажэнству перапрашальны напрамак, бо яно павінна рабіць нас адчувальнымі ў дачыненні да граху, мабілізаваць у імя любові Хрыста да змагання з ім, а таксама да перапрашэння за тых, хто раніць Боскае Сэрца.

Любоў Бога да чалавечага роду загадала Сыну Божаму прыйсці на зямлю, прыняць жудасныя пакуты і крыжовую смерць. З любові гэтага Сэрца нарадзіўся Касцёл і святыя сакрамэнты, сярод якіх сакрамэнт Эўхарыстыі.

Разважанне аб прысутнасці таямніцы Сэрца Езуса ў Эўхарыстыі вядзе да лепшага разумення таямніцы святарства, дзякуючы якому збаўчая Божая ласка дасягае чалавека. Гэтае разважанне таксама заахвочвае да малітвы аб пакліканнях, каб Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус даў для Касцёла пастыраў, якія будуць вучыць, што Езус з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6), што асабліва важна ў наш час, калі чалавек згубіўся і не ведае мэты свайго жыцця.

Сёння мы разам з усім Каталіцкім Касцёлам пакліканыя асаблівым чынам маліцца аб святасці святароў. Святары ўстаноўленыя ў Касцёле для таго, каб весці людзей шляхам дасканаласці, а дзеля гэтага яны самі павінны быць святымі і штодзённа практыкаваць гэтую цноту, каб быць сапраўднымі сведкамі любові Хрыста.

Культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса таксама вядзе да глыбейшага пазнання праўды пра Хрыста як сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, гэта азначае пазнання таямніцы Богаўцелаўлення. Сэрца Езуса было прабіта дзідай, і з Яго праліліся кроў і вада як сімвалы сакрамэнтаў, у чым праяўляецца таямніца збаўлення, у якой бачна бязмежная любоў Бога да чалавека, што прывяла да крыжовай ахвяры Божага Сына. Таму культ Сэрца Езуса падкрэслівае салідарнасць Бога з чалавекам. Бог не пакідае чалавека аднаго, а шукае яго, шукае нават грэшнага, гэта азначае, што любіць яго такім, які ён ёсць.

Набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса накладае таксама і абавязкі. Мы не павінны злоўжываць дабрынёй Божага Сэрца. Аднак калі чалавечая слабасць вядзе нас да граху, то неабходна даверыцца Божай міласэрнасці і прыбягаць да Сэрца Езуса ў нашых патрэбах.

5. Касцёл нарадзіўся з прабітага боку Езуса і з яго праз дзеянне Святога Духа чэрпае сваю моц. Дзякуючы Святому Духу любоў Сэрца Езуса праяўляецца ў сэрцах людзей (пар. Рым 5, 5) і схіляе іх любіць іншых.

Адзначаючы ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса і 120-годдзе прысвячэння Яму чалавечага роду, падзякуем Богу за тое, што Ён аб’явіў у ім сваю бязмежную любоў, і папросім ласкі практыкаваць Яго культ, каб сапраўдным хрысціянскім жыццём прысвячаць Яму ўвесь свет і новыя часы, якія перад намі.

Усіх шанавальнікаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса благаслаўляю ў імя Айца, † і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 Мінск, 16 чэрвеня 2019 г., Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

 

Выкарыстаная літаратура:

  1. Ян Павел II. Энцыкліка Dives in misericordia (DM).
  2. Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
  3. Jan Paweł II. Orędzie na stulecie poświęcenia ludzkości Najświętszemu Sercu Pana Jezusa, 1999.
  4. Źródła „cywilizacji miłości”.
  5. Serce Jezusa mówi o miłości Boga do ludzi.
  6. Dziś Uroczystość Najświętszego Serca Pana Jezusa.

Версія для друку ТУТ>>>

Абноўлена 30.06.2019 19:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.