15 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча членаў малітоўных груп апостальскага руху «Маргарытка», удзельнікі якога штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў.
Як паведамлдяецца на партале Grodnensis.by, у сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 350 чалавек з розных мясцін Гродзеншчыны.
Прысутнічалі заснавальнік і папярэдні мадэратар апостальскага руху ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Валерый Быкоўскі і яго цяперашні наступнік кс. Ян Сарэла.
У межах сустрэчы кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі пазнаёміў прысутных з культам Маці Божай Тракельскай. Ён нагадаў пра юбілеі, якія адзначаюцца ў гэтым годзе: 210-годдзе з часу будаўніцтва касцёла, 25-годдзе абвяшчэння яго санктуарыем і 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза.
Цэлебрацыю святой Імшы з удзельніакамі руху «Маргартытка» ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Іерарх ад уласнага імя і ад імя духавенства дыяцэзіі выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да гэтага апостальскага руху.
Ён падзякаваў за малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі ўдзельнікі руху падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, тлумачачы, што кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства — звычайны слабы чалавек, са сваёю крохкасцю, абмежаванасцю і недасканаласцю.
Біскуп падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.
Малітоўны апостальскі рух «Маргарытка» пачаў дзейнічаць у Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.
Сутнасць яго дзейнасці — штодзённая малітва за канкрэтных святароў.
Членамі гэтага руху становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў з дапамогаю самай паспяховай хрысціянскай зброі, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Гродзенскай дыяцэзіі афіцыйна зарэгістравана больш за 1300 суполак апостальскага руху «Маргарытка», члены якіх моляцца ў інтэнцыі канкрэтнага святара.