Пошук

19.06.2019 11:12   Тэкст і фота: Вольга і Аляксандр Панамаровы / Catholic.by

16 чэрвеня адбылася выязная сустрэча руху «Сужэнскія сустрэчы» ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, на якую разам сабраліся сем’і і святары, удзельнікі супольнасці: кс. Андрэй Стэцкевіч і а. Яўген Усошын.

Як мы перадаем любоў іншым людзям? Як развіваем у сабе здольнасць дзяліцца сабой, верай, дарам дыялогу з тымі, хто нас акружае? Якія гэта ў нас выклікае пачуцці? І як нам у гэтым дапамагае супольнасць «Сужэнскіх сустрэч», у аснове харызмы якой ляжыць менавіта каштоўная здольнасць дзяліцца дарам дыялогу?

Выязная сустрэча ў Ляскоўцы распачалася са святой Імшы і супольнай малітвы. Падчас сумеснага абмеркавання прагучала шмат важных сведчанняў, якія казалі аб тым, што ўдзел у асноўных рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», у малой групе і іншых мерапрыемствах з майстэрні «Сужэнскіх сустрэч» дапамагае не толькі клапаціцца пра адзінства ў сваёй сям’і, пра свае адносіны, але і выходзіць да іншых сем’яў, духоўных асобаў і іншых людзей, дзелячыся тым, што маем самі.

Вельмі важна, што прыналежнасць да супольнасці «Сужэнскіх сустрэч» дапамагае атрымліваць своеасаблівы падвойны плён: умацоўваючы сваю сям’ю, мы становімся падтрымкай для іншага чалавека; для сям’і, якая таксама пачынае ўмацоўвацца ў сваёй любові і развіваць адносіны паміж членамі.

Гэта няпроста, але бачачы плён сваёй апостальскай працы, мы зноў і зноў вяртаемся да дыялогу ў сваіх сем’ях і робім яшчэ адзін крок насустрач бацькам, суседзям, калегам па працы, сяброўцы, пасажыру ў аўтобусе і нават зусім незнаёмаму чалавеку.

Гэта адбываецца дзякуючы таму, што, прыкладаючы намаганні для таго, каб, магчыма, у соты раз выслухаць і зразумець, падзяліцца сабой, адкрыцца і прыняць іншага чалавека з усімі яго слабасцямі і недасканаласцямі, а таксама ствараючы ўмовы для камфортнага дыялогу і вучачыся прабачаць, мы па-сапраўднаму, часам таго не заўважаючы, выконваем запаведзь любові да бліжняга, дзелімся з гэтымі людзьмі самым каштоўным — сваёю любоўю.

Так, напрыклад, працуючы дзіцячым педыятрам, жонка заўважыла, як важна выслухаць і падтрымаць усхваляваную маму замест таго, каб закідаць яе медыцынскімі тэрмінамі і перайсці да наступнага пацыента. Ці як змянілася стаўленне да вернікаў у пробашча, калі ён пачаў практыкаваць дыялог і адкрыў для сябе асаблівую каштоўнасць адносінаў з іншымі людзьмі. І нават калі я проста спрабую выслухаць і зразумець іншага чалавека, зразумець яго паводзіны, перажыванні і матывы замест таго, каб асуджаць і выключаць яго з зоны сваіх інтарэсаў, я ўжо раблю вялікі крок яму насустрач і дзялюся з ім сваёю любоўю.

Але гэтая здольнасць не прыходзіць сама па сабе, а, хутчэй, з’яўляецца узнагародай за працу над сабой, над адносінамі ў сваёй сям’і і з Панам Богам.

І на гэтым шляху нам дапамагае майстэрня «Сужэнскіх сустрэч».

Вельмі важнымі былі сведчанні пар, якія перажылі перамену свайго ўспрымання Касцёла, веры і адносінаў з Панам Богам менавіта дзякуючы ўдзелу ў рэкалекцыях і штомесячных мерапрыемствах «Сужэнскіх сустрэч». Гэтыя дзяленні выклікалі асаблівыя пачуцці радасці і надзеі, бо за абрадамі і малітвамі сем’і змаглі разгледзець для сябе жывую супольнасць, жывы арганізм Касцёла, часткай якога яны з’яўляюцца самі. Яны таксама змаглі адкрыцца для іншых людзей у парафіях, праявіць сваю актыўнасць у жыцці сваіх супольнасцяў.

Для гэтага спатрэбіўся час і ўдзел, але плён гаворыць сам за сябе. Мы адчуваем асаблівыя пачуцці супакою і бяспекі, усведамляючы, што жывая супольнасць «Сужэнскіх сустрэч» з’яўляецца часткай жывой супольнасці Касцёла.

Дзяліцца няпроста, часцей за ўсё гэта выклікае на старце цяжкія пачуцці: «страшна сказаць», «сорамна прызнацца», «няма часу»… Ды і ці ж мала іншых перашкод? Пры гэтым гаворка ішла і пра аб’ектыўныя пагрозы, калі апостальства ставіцца вышэй за патрэбы і магчымасці сям’і. Таму вельмі важна асэнсавана падыходзіць да гэтага пытання і вучыцца дзяліцца сабой.

Хрыстус, дзелячыся з намі сваёй любоўю, вучыць нас браць прыклад з Яго, выходзіць са сваёй зоны камфорту і памнажаць плён любові ў сваіх сем’ях, супольнасцях і ў адносінах з усімі, каго сустрэнем сёння, заўтра і ў кожны наступны дзень.

Асаблівыя пачуцці цеплыні, радасці і прыналежнасці мы адчулі падчас сяброўскіх стасункаў пад смачныя шашлыкі з хатнімі пачастункамі. Вясёлыя сямейныя гульні дазволілі павесяліцца ад душы разам з дзецьмі. Было і сонца, быў і дождж, але перадусім была вялікая радасць ад праведзенага разам часу і магчымасці ў чарговы раз напоўніцца сведчаннямі, каб сёння мець жаданне і сілы падзяліцца сваёй любоўю з тымі, хто нас акружае.

 

 

Абноўлена 19.06.2019 12:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.