Пошук

15.05.2019 17:08   Catholic.by

16-17 мая ў Мінскай духоўнай акадэміі пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная тэме «Цэрквы і мясцовыя супольнасці перад абліччам сацыяльных выклікаў». У ёй прымуць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў Германіі, Польшчы, Украіны і Беларусі, у тым ліку Рыма-Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Сярод больш чым 60 гасцей форуму, арганізаванага ў межах Працоўнай групы «Прымірэнне», будуць святары, тэолагі, дыпламаты, эканамісты, сацыяльныя работнікі, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці.

Перад пачаткам форуму ўдзельнікі наведаюць мемарыяльныя комплексы ў Трасцянцы і Курапатах, дзе адбудзецца кароткая малітва і ўскладанне кветак ля памятных знакаў.

У першы дзень працы канферэнцыі пройдзе прэзентацыя праекта «Прымірэнне» і ацэнка яго значэння. У цэнтры другога дня стане абмеркаванне пытанняў як аб нацыянальным вопыце ўдзелу Цэркваў Беларусі ў праектах устойлівага развіцця на мясцовым узроўні, так і аб працы замежных калег у гэтай сферы.

Асноўная мэта канферэнцыі — прааналізаваць ролю і месца хрысціянскіх Цэркваў у нацыянальнай праграме па ўстойлівым развіцці.

Чакаецца, што ўдзельнікі выпрацуюць рэкамендацыі, з улікам замежнага вопыту, якія б матывавалі далейшае збліжэнне актыўных сацыяльных і грамадскіх арганізацый і структур з прафесійнымі.

Група «Прымірэнне» была створана ў 1974 г. па ініцыятыве Нямецкай Евангелічна-Лютэранскай Царквы і Польскага экуменічнага савета. Асноўнай мэтай праекта на той час была выпрацоўка праекта прымірэння паміж Польшчай і Германіяй, чые адносіны былі абцяжараны ўспамінамі пра Другую сусветную вайну. У 1996 г. ініцыятыва была пашырана дзякуючы новым удзельнікам: Украіне і Беларусі. Так узнік праект «Прымірэнне ў Еўропе — задачы Цэркваў ва Украіне, Беларусі, Польшчы і Германіі».

Мэтай групы з’яўляецца пошук шляхоў узаемадзеяння хрысціянскіх канфесій ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе і супрацоўніцтва ў вырашэнні грамадска-рэлігійных і сацыяльных праблем у гэтым рэгіёне.

Канферэнцыі, якія арганізуе група «Прымірэнне» ў розных краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы амаль 20 гадоў, збіраюць лепшых экспертаў, навукоўцаў і практыкаў, а іх характар накіраваны на практычную змену хрысціянскгаа супрацоўніцтва.

Арганізатары канферэнцыі ў Мінску: Міжканфесійная місія «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне», Сінадальны аддзел Беларускай праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства, Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла, Мінская духоўная акадэмія імя св. Кірыла Тураўскага Беларускай Праваслаўнай Царквы, Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у г. Мінску, Міжнародная група праекта «Прымірэнне».

Праграма

16 мая

14.00 – 14.30 — размяшчэнне ўдзельнікаў у гатэлі «Манастырскі» (вул. Кірыла і Мятода, 6)
14.30 — ад’езд для ўскладання кветак да мемарыялаў Трасцянец і Курапаты
15.00 – 16.00 — наведванне Трасцянца і Курапатаў
16.30 – 17.00 — рэгістрацыя, сустрэча гасцей
17.00 – 18.30 — адкрыццё канферэнцыі (Мінская духоўная акадэмія, вул. Зыбіцкая, 27), прывітальныя словы

17 мая

9.30 – 10.00 — рэгістрацыя
10.00 – 11.30 — працяг канферэнцыі (між іншым выступіць з дакладам «Цэрквы і мясцовыя супольнасці ў Беларусі перад абліччам сацыяльных выклікаў» прадстаўнік Каталіцкага Касцёла ў Беларусі кс. Віталій Бурко)
11.30 – 12.00 — кава-паўза
12.00 – 13.30 — працяг канферэнцыі
13.30 – 14.30 — абед
14.30 – 17.30 — працяг канферэнцыі (па групах)
18.00 – 19.00 — падвядзенне вынікаў канферэнцыі і закрыццё

Запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Абноўлена 17.05.2019 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця