14 красавіка, у Вербную альбо Пальмовую нядзелю, каля капліцы св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску (вул. Матусевіча, 80) адбудзецца IV Вербны кірмаш. На ім будуць прадстаўлены розныя вырабы, якія зрабілі сваімі рукамі парафіяне, — ад магнітаў і паштовак да печыва і ўласна вырашчаных жывых раслінаў.
Як паведамляе інтэрнэт-старонка парафіі, арганізатары праявілі крэатыўнасць і абяцаюць шмат прыемных сюрпрызаў.
Для дзяцей будзе арганізавана спецыяльная праграма.
Падчас кірмашу будуць абвешчаны вынікі конкурсу дэкарацый на велікодны стол. Таксама звычайна вялікую зацікаўленасць выклікае латарэя, на якой можна выйграць эксклюзіўныя і часам нават каштоўныя прызы.
Iснуе магчымасць трапіць у спіс ганаровых ахвярадаўцаў. Для гэтага прапануецца набыць 1 квадратны метр сцяны будучай святыні гэтай парафіі.
Ганаровыя ахвярадаўцы атрымліваюць адпаведны сертыфікат, за ўсіх ахвярадаўцаў штомесяц цэлебруецца святая Імша.
Усе ахвяраванні, сабраныя падчас кірмашу, будуць накіраваны на будаўніцтва парафіяльнага касцёла.