23 сакавіка ў гродзенскай катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя будзе цэлебравацца св. Імша ў інтэнцыі Беларусі і яе народа.
Як паведамляецца на сайце Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, пачатак св. Імшы — 17.30.
Малітва за Радзіму з’яўляецца святой і важнай справай. Хоць сапраўднай Айчынай хрысціяніна з’яўляецца тая, якая знаходзіцца ў нябёсах, аднак тут, на зямлі, кожны вернік пакліканы будаваць Божае Валадарства там, дзе жыве і працуе. Гэтаму спрыяюць сведчанне сапраўднага хрысціянскага жыцця ў любові да Бога і да бліжніх, а таксама трывалая малітва.
Нагадаем, што з восені мінулага года па парафіях нашай краіны адбываецца перэгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхала — апекуна Касцёла на Беларусі.
Мэта гэтай перэгрынацыі — малітва за Бацькаўшчыну і ажыўленне культу нябеснага заступніка мясцовага Касцёла «для таго, каб супрацьстаяць злу, умацоўваць веру і вучыцца быць сведкамі Евангелля».
Па распараджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пасля кожнай св. Імшы вернкі моляцца праз заступніцтва св. Міхала Арханёла, чытаючы спецыяльную малітву.