На працягу Вялікага посту кожную пятніцу ў 19.00 запрашаем усіх, хто не мае магчымасці быць у касцёле, праз інтэрнэт далучацца да набажэнства Крыжовага шляху.
Спецыяльна для хворых, а таксама для тых вернікаў, якія па важных прычынах не могуць удзельнічаць у набажэнствах Крыжовага шляху ў сваіх парафіях, прапануем прамыя трансляцыі з парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску. Трансляцыі можна будзе глядзець на нашым партале, а таксама на сайце парафіі jan.by.
Набажэнства Крыжовага шляху практыкуецца асабліва ў перыяд Вялікага посту. Удзельнікі ідуць ад аднаго прыпынку да другога, разважаючы пра цярпенні Збаўцы. Гэтыя прыпынкі, якіх усяго 14, называюцца стацыямі.
Традыцыя перажывання пакутаў Хрыстовых — набажэнства Крыжовага шляху — з’явілася ў Ерузалеме і распаўсюдзілася ў Касцёле ў ХІІ–ХІІІ ст. Яе карані паходзяць з духоўнасці францішканаў, дамініканаў і цыстэрцыянскіх містыкаў. У памяць аб прыпынках Езуса на Яго пакутным шляху будаваліся капліцы і такім чынам ствараліся Кальварыі. Кальварыя (па-беларуску: месца чэрапа) — гэта пераклад на лацінскую мову назвы пагорка Галгота за мурамі Ерузалема, на якім быў укрыжаваны Хрыстус.
У Беларусі найбольш вядомая са старажытных Кальварый нядаўна была адроджана ў Мядзелі. Сёлета ў беларускіх вернікаў ёсць таксама ўнікальная магчымасць непасрэдна ўзяць удзел у Крыжовым шляху ў Ерузалеме ў Вялікую пятніцу.