З 18 па 21 лютага ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску адбудзецца традыцыйная фармацыйная сустрэча маладых святароў (да 5 гадоў святарства ўключна).
Пачатак сустрэчы 18 лютага ў 18.00, заканчэнне — 21 лютага ў 13.00.
Як паведамілі арганізатары фармацыйнага з’езду, гэтым разам маладыя святары змогуць перажыць сустрэчу ў крыху новым фармаце з цікавымі дакладчыкамі і спецыялістамі ў галіне душпастырства сужэнстваў.
Сярод разнастайных духоўных практыкаванняў, сумеснай малітвы і дзялення досведам удзельнікі атрымаюць магчымасць абмеркаваць са спецыялістамі розныя аспекты жыцця ў чыстасці — святарскай і сужэнскай.
Таксама плануецца разгледзець хвалюючыя пытанні, звязаныя з выклікамі сучаснага душпастырства ў галіне перадшлюбнай катэхезы, падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцця, пазнаёміцца з метадамі пастырскага суправаджэння сужэнцаў і сем’яў у крызісных сітуацыях.
Больш падрабязную інфармацыю пра сустрэчу можна атрымаць у рэктараце семінарыі ў Пінску, а таксама ў святароў, адказных за фармацыю маладых душпастыраў у паасобных дыяцэзіях.