13 снежня ў народным фотаклубе «Мінск» адкрылася ўступная выстава фатографа Віктара Ведзеня, прысвечаная жыццю Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Фотамайстар Віктар Ведзень, вядомы вернікам многіх беларускіх парафій сваёй «пілігрымуючай» выставай «Дарогі, якімі мы Бога шукаем», прысвечанай пілігрымцы ў Будслаў, з’яўляецца сябрам народнага фотаклуба «Мінск» з 2011 г. Фотаклуб «Мінск», створаны ў верасні 1960 г., сёння аб’ядноўвае каля 40 фатографаў: як аматараў, так і прафесіяналаў.
На экспазіцыі «Каталіцтва. Уступ» прадстаўлены некалькі падзей з актуальнага жыцця Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Сярод ужо экспанаваных фотасюжэтаў з пешай пілігрымкі Мінск-Будслаў, зробленых у 2013, 2015, 2016, 2017 і 2018 гадах, на выставе можна ўбачыць здымкі, зробленыя падчас працэсіі Божага Цела і набажэнства Крыжовага шляху ў Мінску, падчас сустрэчы з папам Францішкам у Літве і іншыя.
Фотавыстава Віктара Ведзеня «Каталіцтва. Уступ» дзейнічае да 26 снежня па адрасе: вул. Казлова, 2 (уваход з двара).