4 лістапада ў эфіры «Беларусь 3» стартуе праект «Архітэктура Беларусі», які дасць магчымасць тэлегледачам зазірнуць у мінулае і даведацца пра таямніцы ўнікальных помнікаў архітэктуры.
Гісторыя Беларусі складаная і шматбаковая. Яна памятае мноства войнаў, але, нягледзячы на гэта, частку архітэктурных пабудоў цудам удалося захаваць і па сёння. У Беларусі можна знайсці ўзоры раманскага стылю і готыкі, барока і класіцызму, мадэрну і эклектыкі.
Кожны з 26 фільмаў праекта «Архітэктура Беларусі» раскажа пра адзін з помнікаў архітэктуры. Не застануцца без увагі жылічскі Палац Булгакаў, ружанскі Палац Сапегаў, пружанскі Палац Швыкоўскіх, чачэрскія Ратуша і Спаса-Прэабражэнская царква, краснаберажскі Палац Гатаўскага, камянецкая Вежа, гродзенскія Стары замак і Новы замак, скрыбаўская Мураванка, кляштар езуітаў (фарны касцёл) і многія іншыя.
У здымках праекта прымуць удзел эксперты, супрацоўнікі музеяў, кандыдаты і дактары гістарычных навук, у тым ліку доктар архітэктуры, прафесар Сяргей Сергачоў і кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анатолій Сцебурака. З дапамогай графікі і аэраздымкі стваральнікі праекта раскрыюць шматстайнасць беларускай архітэктуры.
Першы выпуск праекта распавядзе пра Косаўскі замак (Палац Пуслоўскіх у Косаве).
Праект «Архітэктура Беларусі» гледачы канала «Беларусь 3» змогуць сачыць па нядзелях у 20.00. Усе серыі праекта выйдуць у фармаце HD.