30 верасня адбудзецца асвячэнне касцёла свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску, якое здзейсніць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Урачыстая св. Імша з гэтай нагоды распачнецца тут а 11-й гадзіне.
З гісторыі парафіі:
Рудзенск — малады горад. Таксама і каталіцкая супольнасць арганізавалася тут нядаўна. Статут парафіі свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску быў прыняты 27 мая 2007 г. на сходзе мясцовых католікаў, на якім прысутнічала 29 чалавек.
3 чэрвеня 2007 года тагачасны Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка падпісаў і зацвердзіў парафіяльны статут, а 31 студзеня 2008 г. парафія была зарэгістравана дзяржавай.
Напачатку па запрашэнні мясцовых вернікаў імі духоўна апекаваўся кс. Павел Кручэк, які нёс святарскае служэнне ў суседнім Чэрвені.
З 2008 па 2012 г. парафіяне намагаліся атрымаць пляцоўку пад пабудову святыні, і ўвесь гэты час маліліся, дзе прыходзілася. Нарэшце, 2 мая 2013 г. дзяржаўныя органы выдзелілі пляцоўку для будаўніцтва касцёла, на што неўзабаве быў атрыманы афіцыйны дазвол.
14 верасня 2013 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа, на месцы будаўніцтва быў усталяваны крыж і адбылося благаслаўленне будпляцоўкі, на якой з’явілася часовая капліца, што размясцілася ў вагончыку.
Да канца 2013 г. тут ужо былі закладзены фундаменты будучай святыні. Паступова былі падведзены вада і электрычнасць, узведзены сцены, а праз два гады ад пачатку будаўніцтва пастаўлены дах.
У 2016–2017 гг. да будынку касцёла было падведзена цэнтральнае ацяпленне, былі атынкаваны і пафарбаваны сцены ўсярэдзіне будынка, устаноўлены вокны і дзверы, узнесены крыж на вежы.
Сёлета будаўнічыя працы завяршыліся атынкаваннем і афарбоўкай фасаду, добраўпарадкаваннем тэрыторыі, пабудовай агароджы і ганкаў, укладкай тратуарнай пліткі.
Вернікі парафіі свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску разам са сваім пробашчам кс. Генрыхам Кучынскім сардэчна запрашаюць на ўрачыстасць асвячэння касцёла, які знаходзіцца па адрасе:
Мінская вобл., г. Рудзенск, вул. Карла Маркса, 1.