Пошук

07.04.2018 16:29   а. Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ / Catholic.by

У нядзелю Божай Міласэрнасці і ў панядзелак Звеставання Пана ва ўсіх парафіях Беларусі вернікі змогуць далучыцца да «Духоўнага ўсынаўлення» — акцыі па абароне зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай знішчэння.

Што такое «Духоўнае ўсынаўленне?»

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта абяцанне, дадзенае Богу, сутнасцю якога з’яўляецца малітва канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ўратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту.

Зместам «Духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца штодзённая малітва, якая працягваецца дзевяць месяцаў. Распачынаецца малітва ў свята Звеставання Пана, а заканчваецца ўрачыстасцю Нараджэння Пана.

Усынаўленне заключаецца ў абавязку штодзённа прамаўляць спецыяльную малітву ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці, імя якога ведае толькі Бог, маліцца адну з таямніц Ружанца, а таксама здзяйсняць у сваім жыцці пэўныя рэлігійныя практыкі.

Сутнасць абяцанняў

У тэалагічным значэнні гэта абяцанне, дадзенае Богу, мэтай якога  з’яўляецца вышэйшае дабро. У выпадку «Духоўнага ўсынаўлення» аб’ектам абяцання з’яўляецца малітва ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці і яго бацькоў. Гэта абяцанне з’яўляецца свядомым і вольным выбарам таго, хто яго прымае. Абяцанне «Духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца часовым: яно доўжыцца дзевяць месяцаў (столькі часу, колькі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці).

Хто можа ўдзельнічаць у «Духоўным усынаўленні»?

У «Духоўным усынаўленні» можа ўдзельнічаць кожны, хто адчувае сябе здольным выканаць абяцанне, дадзенае Богу. Гэта могуць быць, напрыклад, пажылыя асобы і хворыя, цярпенні якіх становяцца ахвярай, прыемнай Богу. Заахвочваю таксама да «Духоўнага ўсынаўлення» моладзь і дарослых.

Калі малады чалавек прымае на сябе абавязак малітвы за ненароджаных дзяцей, то можна спадзявацца, што сам ён тым больш не дапусціць смерці ўласнага зачатага дзіцяці.

Пачатак «Духоўнга ўсынаўлення» як індывідуальнага малітоўнага абавязку адбудзецца ва ўсіх касцёлах Беларусі 8 і 9 красавіка ў выглядзе агульнага складання абяцанняў групай вернікаў падчас урачыстай святой Імшы.

Усім зацікаўленым у гэтай акцыі падрабязную інфармацыю можна атрымаць у пробашча сваёй парафіі.

Заахвочваем усіх прыняць на сябе абавязак маліцца ў інтэнцыі зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай аборту.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.