Святую Імшу ў 10.00 у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У магілёўскай катэдры ў 11.00 святую Імшу будзе цэлебраваць дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
«Вельмі сімвалічна, што акт незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, калі было абвешчана аб заснаванні новай дзяржавы, быў падпісаны менавіта ў свята Звеставання Пана — 25 сакавіка», — зазначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Свята Звеставання Пана нагадвае пра момант, калі арханёл Габрыэль абвясціў Марыі аб тым, што Бог выбраў Яе ў якасці Маці Збаўцы. Паводле іерарха, адно слова Марыі — fiat („няхай станецца“) — змяніла гісторыю свету, распачаўшы час збаўлення.
«Свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта свята беларускага звеставання незалежнасці», — падкрэсліў іерарх.
Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што, хоць далейшы лёс БНР не прывёў да чаканага выніку, тым не менш «сам факт яе абвяшчэння 25 сакавіка вельмі красамоўны, бо сведчыць пра жаданне беларускага народа да незалежнасці».
Сёлета на 25 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле прыпадае Пальмовая нядзеля, таму свята Звеставання перанесена на 9 красавіка.