Пошук

05.02.2018 12:09   Фота: з архіва Глеба Лабадзенкі / Catholic.by

17 лютага ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбудзецца перазахаванне парэштак Магдалены Радзівіл.

Мецэнатка і культурны дзеяч Марыя Магдалена Радзівіл ў свой час аказвала фінансавую падтрымку выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», газеце «Беларус», шпіталям, сельскім крамам і г.д.

У 1917 годзе яна ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме — грошы былі перададзены айцам марыянам у Друі.

Дзякуючы яе намаганням былі адкрыты беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку.

«Яна лічыла сябе беларускай, яна марыла жыць у Мінску, таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут [...]», — адзначаў Мацей Радзівіл два гады таму, калі з'явіліся першыя чуткі пра магчымае перапахаванне ў Беларусі.

17 лютага пахавальную цырымонію ў 10.00 узначаліць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Як расказаў Catholic.by пробашч парафіі кс. Юрый Санько, урна з парэшткамі Магдалены Радзівіл будзе выстаўлена для развітання ў касцёле вечарам 16 лютага.

«Запрашаем усіх ахвотных прыйсці і памаліцца», — сказаў святар.

Паводле яго слоў, парэшткі будуць перазахаваныя ў левай частцы святыні. На тым месцы будзе ўсталявана памятная шыльда і барэльеф у гонар славутай мецэнаткі.

Пасля цырымоніі чакаюцца даклады пра асобу Магдалены Радзівіл і яе сувязь з Беларуссю.

На ўрачыстасць прыбудуць Мацей і Мікалай Радзівілы, а таксама праўнукі Магдалены Радзівіл — Марылена і Адам Замойскія.

Абноўлена 13.02.2018 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця