Пошук

17.02.2018 21:59   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

17 лютага ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) адбылося перазахаванне парэшткаў Марыі Магдалены з Завішаў Радзівіл (1861–1945 гг.).

Мецэнатка і культурны дзеяч Магдалена Радзівіл — сведка, бадай што, самай пераломнай эпохі ў гісторыі чалавецтва. Яна прыйшла на свет у год адмены рабаўладання ў Расійскай імперыі (т.зв. «прыгоннага права»), а адышла ў вечнасць у год заканчэння ІІ Сусветнай вайны.

Нарадзілася Магдалена 8 ліпеня 1861 г. у Варшаве ў сям’і беларуса са старажытнага графскага роду Завішаў-Кежгайлаў. Яе бацька Ян Завіша, буйнейшы землеўладальнік Міншчыны, археолаг і палеантолаг, прывіў ёй любоў да гістарычнай радзімы — да Беларусі. Магдалена часта бывала ў Мінску, дзе жыла ў доме побач з Чырвоным касцёлам і дзе вакол яе збіралася маладая беларуская творчая інтэлігенцыя.

Яе першым мужам быў граф Людвік Юзаф Красінскі, вельмі заможны і прадпрымальны чалавек і пры гэтым вялікі аматар і знаўца мастацтва, з якім яна мела адзіную дачку Марыю Людвіку. Пасля смерці ў 1895 г. першага мужа, які быў значна старэйшы за яе, Магдалена доўгі час заставалася ўдавою, і толькі ў 1906 г. другі раз выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла (1880–1914 гг.), пляменніка нясвіжскага ардыната Антона Радзівіла.

У 1917 г. Магдалена Радзівіл выехала ў эміграцыю, але яе сувязь з Беларуссю не разарвалася. Яна працягвала дапамагаць беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, фінансава падтрымала стварэнне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме, ахвяраваўшы дзеля гэтага каштоўнае дыяментавае калье. Выручаныя за яго сродкі пазней былі перададзены кс. Фабіянам Абрантовічам беларускім марыянам у Друі.

Магдалена Радзівіл памерла ў 1945 годзе ў швейцарскім горадзе Фрыбур, і да 2017 г. яе парэшткі спачывалі на могілках пры кляштары дамініканак, дзе прайшлі апошнія гады яе зямнога жыцця. Год таму прах быў эксгумаваны і дастаўлены ў Беларусь, у Мінск, дзе сама Магдалена жадала быць пахаванай. І вось, нарэшце, пасля доўгага вандравання яе парэшткі знайшлі вечны спачын у мурах касцёла Найсвяцейшай Тройцы, які стаіць на даўніх Залатагорскіх могілках — старажытнейшым каталіцкім некропалі Мінска, разбураным у часы ваяўнічага атэізму.

Апошняе развітанне з гэтай неардынарнай асобай распачалося ў залатагорскай святыні ўвечары напярэдадні. Сярод іншых у ім удзельнічалі нашчадкі Магдалены — праўнукі ад першага шлюбу Марылена і Адам Замойскія, а таксама прадстаўнікі роду Радзівілаў Мацей і Мікалай Радзівілы. Развітанне прайшло нефармальна, сціпла, у сямейнай атмасферы, якая зблізіла, з'яднала людзей, якія жывуць далёка адзін ад аднаго, як умела іх яднаць сама незабыўная княгіня.

У дзень перазахавання цэлебрацыю святой Імшы за супакой душы Марыі Магдалены Радзівіл узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, у нядаўнім яшчэ мінулым — пробашч мінскай залатагорскай парафіі. У сваёй гаміліі іерарх, коратка згадаўшы зробленае мецэнаткай дабро, падкрэсліў, што ўсе яе добрыя ўчынкі не толькі жывуць у памяці ўдзячных людзей, але таксама маюць нятленнае значэнне перад Богам, і нагадаў, што менавіта да такога жыцця пакліканы імкнуцца кожны хрысціянін.

На заканчэнне Імшы пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) кс. канонік Юрый Санько падзякаваў усім прысутным за супольную малітву, а прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы а. Яўген Усошын выказаў словы ўдзячнасці і прызнання Магдалене Радзівіл ад імя Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў а. Яна Сяргея Гаека МІС.

Пасля благаслаўлення і малітвы урна з прахам Магдалены Радзівіл была змешчана яе праўнукам Адамам Замойскім у адмысловай пахавальнай нішы ў пілястры з левага боку ад уваходу ў касцёл. На месцы вечнага спачыну мецэнаткі была ўсталявана памятная шыльда з яе бронзавай выявай у выглядзе медальёна-барэльефа, выканананая аўтарам адноўленага інтэр'еру залатагорскай святыні Валяр'янам Янушкевічам. На цёмным фактурным камені, прывезеным з далёкай Індыі, някідкія залатыя літары, што як быццам усплываюць з забыцця і вяртаюць нашаму народу неўміручае імя яго вялікай зямлячкі:

Магдалена Радзівілз роду Завішаўу першым шлюбе Красінская1861 – 1945вялікая беларуская мецэнатка

Такім чынам, цяпер гэтае імя ўжо назаўсёды ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны і яго бляск ніколі не прыцьміцца.

Пасля цырымоніі яе ўдзельнікі цёплым словам згадалі светлую памяць Магдалены Радзівіл, адзначыўшы яе асаблівую сувязь з Беларуссю.

«Я асабіста не бачыў маёй прабабулі, але мама шмат пра яе распавядала, таму што лічыла яе незвычайнай асобай і адчувала да яе вялікую павагу. Яна паважала яе перадусім за тое, што яна была мужнай жанчынай з непахіснымі перакананнямі», — так узгадваў сваю легендарную прабабулю Адам Замойскі, які разам са сваёй сятрой Марыленай прыбыў на развітанне з Варшавы.

Праўнук падкрэсліў, што мужнасць Магдалены Радзівіл праявілася таксама ў тым, што яна, прадстаўніца аднаго з найбольш старажытных родаў і вышэйшага арыстакратычнага асяроддзя, адкрыта называла сябе «беларускай ліцвінскага паходжання, якая не мае нічога супольнага з польскасцю», з-за чаго многія, у тым ліку і некаторыя родзічы, ад яе адвярнуліся. Пры гэтым яна сваёю дабрачыннасцю не абмінала таксама прадстаўнікоў іншых прыгнечаных у Расійскай імперыі народаў — яўрэяў і літоўцаў.

Прыроджаная графіня, якая за другім мужам стала яшчэ і княгіняю, ніколі не цуралася простага люду, бедных людзей, хоць сама належала да вышэйшага свету і была вельмі заможнай. За такую выключную прастату, сціпласць і шчодрасць многія сучаснікі лічылі яе дзівачкай. Але гэта было сапраўды евангельскае «дзівацтва», якое ў наш час мы бачым таксама ў асобе папы Францішка.

Адам Замойскі ад імя шматлікіх нашчадкаў Магдалены Радзівіл выказаў іх агульную радасць ад таго, што нарэшце споўнілася воля іх прабабулі і яе парэшткі вярнуліся ў яе любую Беларусь, у Мінск, дзе яна назаўсёды застанецца «сярод сваіх».

Мацей Радзівіл ад імя славутага княскага роду выказаў прызнанне не толькі асаблівых заслугаў, але і выдатных чалавечых якасцяў Марыі Магдалены, асоба якой — яскравае сведчанне і напамін непарыўнай сувязі вялікага Радзівілаўскага роду з народам і гісторыяй Беларусі.

«Яна ведала вялікую праўду: трэба быць бліжэй да простых людзей: не толькі дапамагаць ім, але і жыць бліжэй да іх. Яна лепш за іншых Радзівілаў на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў разумела традыцыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства і што іх неабходна атаясамліваць з беларускім народам і культурай».

Мацей Радзівіл таксама выказаў упэўненасць у тым, што не толькі памяць пра вялікую мецэнатку будзе натхняць новыя пакаленні беларусаў рабіць дабро ў самаахвярным служэнні бліжнім, але што яны таксама з удзячнасцю ахінуць яе памяць сваімі малітвамі.

Пра непарыўную сувязь братніх народаў, нашчадкаў супольнай гісторыі, казаў Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Міхал Хабрас, які падкрэсліў вялікае культурнае значэнне перазахавання праху Магдалены Радзівіл на гістарычнай Радзіме.

Пра вялізную ролю, якую Магдалена Радзівіл адыграла ў станаўленні і развіцці беларускай ідэі і нацыянальнай культуры, казаў вядомы культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, а былы міністр культуры і друку Рэспублікі Беларусь, дыпламат і пісьменнік Анатоль Бутэвіч прачытаў радкі з выдадзенага дзякуючы Магдалене Радзівіл адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок»: «Хто мы такія? Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс...», адзначыўшы неабходнасць ушанаваць і захаваць памяць пра Магдалену Радзівіл у Беларусі. Выключнасць яе асобы і сімвалічнасць гэтага вяртання ў сотыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі адзначыў у сваёй прамове пісьменнік, паэт і гісторык Уладзімір Арлоў.

Перазахаванне Марыі Магдалены Радзівіл у Мінску, як таго жадала яна сама, стала магчымым дзякуючы намаганням сучаснага беларускага мецэната Алеся Сапегі, намесніка старшыні Аб'яднання беларусаў Швейцарыі, і грамадскага дзеяча журналіста Глеба Лабадзенкі, які правёў жалобную цырымонію ў залатагорскім касцёле, дзе навекі спачылі пачэсныя парэшткі той, якая ўсім сэрцам любіла Беларусь, яе народ і цяпер, праз 100 гадоў пасля вымушанага выезду і праз 73 гады пасля смерці, вярнулася сюды, каб навекі спачыць сярод сваіх.

Абноўлена 18.02.2018 11:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа