Пошук

19.05.2023 13:12   Тэкст: Алена Кахноўская / Catholic.by

20 мая ў сталічным мікрараёне Новая Баравая адбудзецца пасвячэнне новапабудаванага касцёла святога Францішка, а таксама алтара святыні.

Святая Імша, падчас якой адбудуцца абрады пасвячэння касцёла і алтара, распачнецца а 11-й гадзіне. Узначаліць цэлебрацыю Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Распачнецца ўрачыстаць абрадам пасвячэння касцёла і алтара. З гэтай нагоды парафіяне падрыхтавалі новыя, ўласнымі рукамі вышытыя літургічныя тканіны, а таксама літургічныя начынні, створаныя ў традыцыях беларускага ганчарнага майстэрства. Музычнае суправаджэнне Імшы будзе аб’ядноўваць у сабе розныя перыяды рэлігійных спеваў Касцёла: грыгарыянскі харал, Імшу Станіслава Манюшкі, творы сучасных кампазітараў.

Упершыню будзе выкананы гімн парафіі святога Францішка, напісаны на тэкст Таццяны Цвірко і музыку Канстанціна Яськова.

Канцэртную праграму распачнуць выступленні дзіцячых калектываў: анасамбля «Тransitus» з парафіі святога Францішка (г. Мінск, мастацкі кіраўнік Вераніка Раманенкава), дзіцячага хора «Зорачкі» (г. Слуцк, мастацкі кіраўнік сястра Яна Аляксеева), дзіцячага хора «Gloria Dei» з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (г. Докшыцы, мастацкі кіраўнік Таццяна Суднік), гурта «Міхаэлькі» з парафіі Маці Божай Ружанцовай (г. Мінск, мастацкі кіраўнік Анастасiя Уснiч), ансамбля «Спяваючыя сэрцам» з парафіі Божай Міласэрнасці (г. Ліда, мастацкі кіраўнік Вераніка Красцьянінава), юнай «зорачкі» эстрадных спеваў Сафіі Обух. Стварыць святочны настрой дапамогуць інтэрактыўная плацоўка для дзяцей, драўляныя настольныя і спартыўныя гульні. З беларускім народным мастацтвам, а таксама ганчарствам удзельнікі свята змогуць пазнаёміцца падчас наведвання адпаведных майстар-класаў.

Працягнуць святочную праграму заслужаны калектыў «Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь» пад кіраўніцтвам заслужанай артысткi Рэспублiкi Беларусь Наталлі Міхайлавай, група «Росквіт» (музычны кіраўнік Святлана Молакава).

Выступленне моладзевых калектываў распрачне ансамбль з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (г. Докшыцы, мастацкі кіраўнік сястра Надзея Рачыцкая). Працягне святочны канцэрт моладзевы ансамбль «Transitus» з парафіі святога Францішка (г. Мінск, мастацкі кіраўнік Вольга Коршун), каталіцкі гурт праслаўлення «Verbum Dei» (г. Мінск, мастацкі кіраўнік Анастасiя Уснiч). Завершыцца ўрачыстасць выступленнем гурта беларускай сярэднявечнай музыкі «Pawa». У сваёй творчасці гурт засяроджвае ўвагу выключна на беларускай спеўнай традыцыі, пры гэтым эксперыментуе з традыцыйнай народнай музыкай у кантэксце сучаснага гучання.

Вернікі парафіі святога Францішка разам са сваімі душпастырамі, Меншымі Братамі Капуцынамі, сардэчна запрашаюць на ўрачыстасць пасвячэння касцёла.

Праграма

  • 11.00 — святая Імша
  • 14.00 — канцэрт дзіцячых калетываў
  • 17.00 — гала-канцэрт
  • 19.00 — канцэрт для моладзі.

Адрас: Мінская вобл., в. Копішча, вул. Авіяцыйная, 4.

Абноўлена 21.05.2023 06:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.