Пошук

17.01.2018 20:02   Catholic.by

Рух «Сужэнскія сустрэчы» праводзіць рэкалекцыі-ўікэнды па аднаўленні і паглыбленні сужэнскай еднасці і любові. Бліжэйшы ўікэнд адбудзецца 9–11 лютага ў Цэнтры «Карытас» у вёсцы Ляскоўка каля Бараўлян (Мінскі раён).

Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу ў 18.00, заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

«Сужэнскія сустрэчы» — рэкалекцыйны рух, мэта якога — паглыбіць шлюбныя адносіны, дапамагчы мужу і жонцы лепш і глыбей разумець адно аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу. Сужэнствам прапануецца такая форма дыялогу, якая, з аднаго боку, дазваляе мужу і жонцы глыбей пазнаць адно аднаго, а з другога — у выпадку непаразуменняў — дапаможа выйсці з канфліктных сітуацый. Сужэнскі ўікэнд — месца спаткання двух сэрцаў без перашкод і штодзённай мітусні!

Каб сустрэцца адно з адным і з Богам, трэба больш слухаць, чым казаць, больш дзяліцца, чым спрачацца, больш разумець, чым ацэньваць, а ў першую чаргу — прабачаць.

Сужэнскія пары і святары — аніматары руху — праз уласны досвед рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, гэта значыць да правядзення дыялогу. Гэту працу муж і жонка праводзяць выключна ўдваіх. Уласная праца ўдзельнiкаў з’яўляецца вельмi iнтымнай i таму абавязкова застаецца таямнiцай.

Сямейная пара можа за час правядзення рэкалекцый аднавіць свежасць узаемных пачуццяў, абнавіць ці нанова адбудаваць сваё адзінства. Сужэнцы пасля ўікэнду звычайна ў стане лепш вырашаць свае праблемы. Праграма складзена такім чынам, што дазваляе кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові, і заснавана на сучасных ведах з вобласці псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі сям’i.

На «Сужэнскія сустрэчы» прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і рознай ступенню пабожнасці, з розным узроўнем перажывання пачуццяў, якія злучаюць ці падзяляюць сужэнцаў. На ўікэнд могуць прыехаць як так званыя ўмоўна «добрыя мужы і жонкі», так і тыя, якія маюць сур’ёзныя канфлікты, можа, нават на этапе думак пра развод. Ва ўікэндзе прымалі ўдзел таксама шматлікія сужэнцы, якія жадалі вярнуцца адно да аднаго пасля разводу. Арганізатары рэкалекцый адкрытыя на кожную пару, якая імкнецца, каб іх сумеснае жыццё пастаянна развівалася. Удзельнікам не ставіцца фармальных абмежаванняў: на рэкалекцыі могуць прыехаць праваслаўныя і змешаныя сужэнствы, напрыклад, каталіцка-праваслаўныя, пары, якія толькі распісаліся ў ЗАГСе і яшчэ не вянчаліся, сужэнствы ў паўторным шлюбе.

«Ад адносінаў мужа і жонкі ў вялікай ступені залежаць адносіны бацькоў з дзецьмі, са сваякамі, з іншымі людзьмі. Калі ў хаце валадарыць каханне, а сям’я выпраменьвае яе вонкі, то яе дух перадасца іншым...» — адзначаюць арганізатары.

Кантактныя нумары для запісу на рэкалекцыі:

+375 29 779 19 03 Вольга
+375 29 250 06 99 Аляксандр

Е-mail: sustre4y@tut.by
Сайт: suvstrechi.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця