25 лістапада ва Уроцлаве (Польшча) адбудзецца ўрачыстае завяршэнне дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыі Слугі Божага ксяндза Аляксандра Зянкевіча — святара, якія паходзіў з Беларусі.
Урачыстасць распачнецца адмысловай сесіяй у актавай зале Папскага Тэалагічнага ўніверсітэта і скончыцца святой Імшой у архікатэдральным касцёле. Па запрашэнні Мітрапаліта Уроцлаўскага арцыбіскупа Юзафа Купнага Беларусь на ўрачыстасцях прадставіць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
З біяграфіі кс. Аляксандра Зянкевіча
Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч нарадзіўся ў 1910 годзе ў парафіі Дунілавічы на Віцебшчыне. У 1924-1931 гг. вучыўся ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Навагрудку і Драгічыне-над-Бугам. Пасля ў 1931-1938 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У 1938 годзе ў пінскай катэдры прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.
З 1939 да 1946 года нёс служэнне ў Навагрудку як капелан сясцёр назарэтанак. Адзінаццаць сясцёр супольнасці ахвяравалі за яго і іншых навагрудчан сваё жыццё, калі 11 жніўня 1943 года былі расстраляны гітлераўцамі.
Пасля расстрэлу, дзякуючы намаганням ксяндза Зянкевіча, целы сясцёр былі знойдзены і перапахаваны, памяць пра іх была захавана. Ксёндз Аляксандр прыклаў шмат руплівасці, каб яго духоўныя дочкі, мучаніцы-назарэтанкі, былі беатыфікаваны. Але яму не дадзена было дачакацца гэтага моманту. Памёр кс. Аляксандр Зянкевіч восенню 1995 года ва Уроцлаве. У 2000 годзе ў Рыме мучаніцы з Навагрудка былі ўзнесены да хвалы алтара папам Янам Паўлам ІІ.
Пасля Другой сусветнай вайны кс. Аляксандр Зянкевіч быў вымушаны выехаць у Польшчу. Спачатку быў душпастырам у Сыцаве, а пасля быў абраны рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ва Уроцлаве. Найбольшая слава гэтага святара была звязана з яго здольнасцямі ў працы з моладдзю. Як душпастыр студэнтаў ён быў вядомы на ўсю Польшчу.
Маладыя людзі ласкава называлі яго «вуек» (польск. «дядзька»). Дэвізам яго святарскага служэння быў заклік «заўважаць кожнага чалавека».
У 2012 годзе ва Уроцлаве распачаўся інфармацыйны працэс, які пачаў падрыхтоўку да беатыфікацыі кс. Зянкевіча. Былі даследаваны старонкі яго біяграфіі як семінарыста і святара ў Пінску і Навагрудку. Былі знойдзены шматлікія сведчанні, якія пацвярджалі высокі ўзровень маральнага і духоўнага жыцця Слугі Божага, якія захаваліся ў Брэсцкім абласным архіве, а таксама ў Мінску ў архівах, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны.
Курыя Пінскай дыяцэзіі заахвочвае ўсіх вернікаў маліцца аб хутчэйшым завяршэнні беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага ксяндза Аляксандра Зянкевіча.