Упершыню беларусы змогуць пабачыць такую вялікую колькасць арыгінальных твораў мастака — 110 графічных лістоў.
Выстаўка «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» адкрыецца 15 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі і будзе прымеркавана да 210-й гадавіны з дня нараджэння мастака. Экспазіцыя рыхтуецца сумесна з Нацыянальным музеем у Кракаве.
Калекцыя акварэляў Орды з музея ў Кракаве — самы вялікі рэпрэзентатыўны збор, які налічвае 1 тысячу 27 выяў. Большасць з іх — 977 лістоў — у Кракаўскі музей у 1886 г. перадала Канстанцыя Скірмунт, унучатая пляменніца мастака.
Выстаўка будзе працаваць да 3 снежня. У экспазіцыю ўвойдуць пераважна малюнкі з Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Віленскай папак. Многія з гэтых прац былі літаграфаваныя ў графічным праекце «Альбом гістарычных відаў Польшчы, прысвечаны суайчыннікам», які Напалеон Орда выдаваў за ўласныя сродкі з 1873 па 1883 год.
Напалеон Орда — слынны дзеяч беларускай і польскай культуры XIX стагоддзя, мастак, кампазітар і піяніст.