31 жніўня ў 17.30 у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Кузьня беларускага духу».
Упершыню ў Беларусі будуць прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з гісторыі беларускага школьніцтва са збораў Грамадскай арганізацыі «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» (Вільнюс, Літва), а таксама Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

На выстаўцы можна будзе ўбачыць арыгіналы фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны вядомы ксёндз Адам Станкевіч, які апекаваўся ў 1920-х гадах дзецьмі-сіротамі з прыфрантавой зоны. Для іх у вядомых віленскіх базыльянскіх мурах быў створаны спецыяльны прытулак.
Выстаўка прапануе рэтраспектыўны погляд на гісторыю Віленскай беларускай гімназіі — цэнтра беларускага школьніцтва 1920-30-х гадоў, на ўзор якога ствараліся гімназіі на тагачасных абшарах Заходняй Беларусі: у Наваградку, Радашковічах, Клецку. У 1920 і 1941 гг. пачэсным госцем вучняў Віленскай беларускай гімназіі быў Янка Купала.
Выставачны праект «Кузьня беларускага духу» скіраваны на вывучэнне і перайманне лепшых традыцый беларускага школьніцтва — спазнання спадчыны продкаў і сусветнай культуры на роднай мове.

Інтэрактыўная праграма выстаўкі дасць магчымасць азнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі 1920-30-х гадоў: творамі Даніэля Дэфо, Марка Твэна, Віталя Б’янкі па-беларуску. Можна будзе адчуць сябе вучнем Віленскай беларускай гімназіі: пазнаёміцца з вучэбнай праграмай, пагартаць вучнёўскія сшыткі і нарэшце праверыць сваю кемлівасць — выканаць заданні таго часу.
Выставачны праект скіраваны на наведвальнікаў розных катэгорый, а ў першую чаргу для вучнёўскай моладзі.

Для арганізаваных груп пры папярэднім запісе па тэлефоне 327-78-66 могуць быць праведзены тэматычныя інтэрактыўныя экскурсіі.
Наведаць выстаўку можна да 27 верасня 2017 года.