Пошук

29.09.2020 10:50   Catholic.by

28 верасня ксёндз Юрый Дрозд, дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі, якую напісаў у інстытуце тэалагічных навук Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

У сваёй навуковай працы дырэктар баранавіцкага катэхетычнага каледжа даследаваў духоўную спадчыну вядомага беларускага асветніка ксяндза Адама Станкевіча. Ён быў не толькі святаром, але таксама грамадска-палітычным дзеячам, выдаўцом, гісторыкам, публіцыстам і літаратуразнаўцам.

Таму выбраная ксяндзом Юрыем Драздом тэма для доктарскай дысертацыі асабліва цікавая і актуальная ў наш час: «Беларуская канфесійная і нацыянальная ідэнтычнасць у тэалагічных поглядах ксяндза Адама Станкевіча (1891 – 1949)».

Навуковым кіраўніком праекту стаў прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта доктар габілітаваны Пётр Копец, а ў якасці рэцэнзентаў выступілі ксёндз доктар габілітаваны, прафесар Пётр Яскула з Апольскага ўніверсітэта і ксёндз доктар габілітаваны, прафесар Юзаф Будняк з Сілезскага ўніверсітэта.

У сваім нетрывіяльным даследванні ксёндз Юрый Дрозд звярнуўся да спадчыны славутага дзеяча беларускага каталіцкага адраджэння першай паловы ХХ стагоддзя ксяндза Адама Станкевіча, спрабуючы паказаць яго не толькі як знакавую фігуру грамадскага і культурнага жыцця Заходняй Беларусі, але перадусім прааналізаваць яго творы з багаслоўскага пункту гледжання. Такім чынам абароненая навуковая праца адкрывае багаты духоўны свет ксяндза Адама Станкевіча і паказвае істотную сувязь яго грамадскай пазіцыі з глыбокай верай.

На думку аўтара дысертацыі, ксёндз Адам Станкевіч правёў грунтоўны аналіз праблемы фармавання канфесійнай і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, адзначыў шырокі спектр праблем, звязаных з гэтым працэсам, а таксама прапанаваў арыгінальны спосаб дасягнення еднасці беларускіх хрысціянаў. Ксёндз Адам Станкевіч звязваў праблему хрысціянскага адзінства ў Беларусі з неабходнасцю імкнення да нацыянальнай кансалідацыі саміх беларусаў і актыўнай працы дзеля дабра краіны.

Паводле яго, пабудова свабоднай і незалежнай Беларусі — гэта адначасова і шлях да ўсебаковага ўзаемаразумення паміж беларускімі хрысціянамі і выкананне закліку Хрыста, «каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 21).

У сувязі з санітарнымі абмежаваннямі, уведзенымі з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, абарона дысертацыі ксяндза Юрыя Дразда прайшла дыстанцыйна ў рэжыме відэаканферэнцыі. Яна адбылася ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах, дзе дзейнічае Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага.

Застаецца спадзявацца, што навуковае даследванне ксяндза доктара Юрыя Дразда не застанецца даступным толькі для вузкага кола спецыялістаў, а будзе апрацавана і выдадзена ў выглядзе манаграфіі, каб як мага больш людзей маглі дакрануцца да духоўнай спадчыны і асобы ксяндза Адама Станкевіча.

Абноўлена 29.09.2020 12:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця