З 14 па 16 лютага ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) пройдзе другая сустрэчы Майстэрні літургічнага спеву.
Удзельнікі першай Майстэрні, якая праходзіла ў верасні мінулага года, дзеляцца сваімі ўспамінамі пра тую сустрэчу і запрашаюць ахвотных да ўдзелу ў другой. Рэгістрацыя ўжо адкрытая
З 20 да 22 верасня 2024 года пры кляштары айцоў францішканаў у Івянцы прайшла першая сесія Майстэрні літургічнага спеву — цыклу фармацыйных сустрэч для кантараў, удзельнікаў касцёльных хораў і ўсіх тых, хто праз спеў адкрывае прыгажосць і глыбіню літургіі. Яна сабрала 16 удзельнікаў з розных парафій трох беларускіх дыяцэзій.
Ідэя «міні-майстэрняў» (нефармальная назва сустрэч) заключаецца ў тым, каб праз кароткія, але рэгулярныя сустрэчы-сесіі даць тым, для каго літургічная музыка з’яўляецца крыніцай натхнення ці штодзённым служэннем, магчымасць удасканаліць свае музычныя навыкі і літургічныя веды, узбагаціцца духоўна і быць у жывым кантакце з аднадумцамі.
Праграма першай «міні-майстэрні» была, па словах удзельнікаў, насычанай, але збалансаванай. Яе ядром была, безумоўна, праца над тэхнічнымі аспектамі музычнага служэння: заняткі былі прысвечаныя вакальнай тэхніцы і прынцыпам правядзення харавой распеўкі, а таксама рэпетыцыям, падчас якіх удалося падрыхтаваць выкананне літургічных твораў сучасных кампазітараў і старажытнай марыйнай антыфоны са скарбніцы грыгарыянскага харалу.
Тэарэтычным дапаўненнем уласна музычнай часткі стаў кантарскі майстар-клас на тэму выбару спеваў на святую Імшу, а духоўнае напаўненне ўдзельнікі мелі магчымасць пачэрпнуць з канферэнцыі айца Яўгена Голуба OFMConv, прысвечанай пошукам глыбінных узаемаадносін паміж мастацтвам і літургіяй.
Цэнтральнай падзеяй Майстэрні літургічнага спеву было выкананне музычнай паслугі падчас цэлебрацыі ўрачыстай нядзельнай святой Імшы ў івянецкай парафіі святога Арханёла Міхала.
Арганізатары цешацца атрымаць станоўчыя водгукі ўдзельнікаў першай сесіі Майстэрні літургічнага спеву і пачуць іх патрэбы і прапановы, а таксама спадзяюцца, што падчас сустрэчы хапіла прасторы не толькі для працы і малітвы, але і для быцця ў супольнасці.
Правядзенне другой сустрэчы Майстэрні літургічнага спеву запланавана на выходныя 14–16 лютага, адбудзецца яна зноў жа ў кляштары святога Антонія Падуанскага ў Івянцы.
Умовы ўдзелу
- Да ўдзелу запрашаюць ахвотных ва ўзросце ад 16-і гадоў. Заяўкі ад людзей малодшага ўзросту будуць аўтаматычна ануляваныя.
- У сувязі з абмежаванай колькасцю месцаў удзел магчымы выключна пасля папярэдняй анлайн-рэгістрацыі ТУТ>>> і атрымання пацвярджэння з боку арганізатараў.
- Заяўку на ўдзел неабходна даслаць да 31 студзеня, пацвярджэнне з боку арганізатараў будзе даслана да 4 лютага. У выпадку, калі колькасць заявак будзе перавышаць колькасць месцаў, арганізатары пакідаюць за сабой права адбору удзельнікаў, пры гэтым перавага будзе аддавацца ўдзельнікам Музычнай майстэрні 2022–2024 гадоў, выканаўцам мужчынскіх харавых партый (тэнар, бас), а таксама тым ахвотным, якія дашлюць сваю заяўку раней.
- Даезд да месца правядзення мерапрыемства і зваротную дарогу ўдзельнікі арганізуюць самастойна. Пажадана прыехаць у пятніцу 14 лютага да 19.30, у іншых выпадках неабходна скантактавацца з арганізатарамі (электронная пошта: muzmajsternia@yandex.by; Instagram: @muzmajsternia).
- Ад’езд можна планаваць у нядзелю 16 лютага пасля 14.00. У выпадку, калі разглядаецца даезд і ад’езд на грамадскім транспарце (маршрутцы), рэкамендавана паклапаціцца пра яго браніраванне загадзя, найлепш – адразу пасля атрымання пацвярджэння аб удзеле.
- Пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў забяспечваюць арганізатары.
- Удзельнікі атрымаюць увесь неабходны нотны матэрыял на месцы. Рэкамендавана ўзяць з сабой цёплыя рэчы, спальнікі, алоўкі і нататнікі, а таксама спеўнікі (па жаданні).
- Ахвяраванне на арганізацыйныя выдаткі складаецца ў дабравольным памеры.