Пошук

05.09.2024 11:44   Catholic.by

У межах духоўнай падрыхтоўкі да юбілею Святога 2025 года Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску і ксяндзы хрыстусоўцы прапануюць малітоўную ініцыятыву «Дні цішыні для Мінска», якія будуць праходзіць у верасні, кастрычніку і лістападзе.

Арганізатары нагадваюць, што ўжо праз некалькі месяцаў распачнецца Юбілейны 2025 год хрысціянства.

«Няхай гэта будзе год інтэнсіўнай малітвы, які адкрые сэрцы на прыняцце Божай ласкі», — сказаў Папа Францішак, абвяшчаючы Год малітвы, што з’яўляецца падрыхтоўчым перыядам да Юбілею 2025 года. «Я ўпэўнены, што ў гэтым годзе біскупы, святары, дыяканы і катэхеты знойдуць адпаведныя спосабы зрабіць малітву асновай для аб’яўлення надзеі, якую Юбілей 2025 павінен абвяшчаць у цяжкія часы», — адзначыў прапрэфект Дыкастэрыі па справах Евангелізацыі арцыбіскуп Рыно Фізікела.

Прапанаваная малітоўная ініцыятыва з’яўляецца адказам на заклік Святога Пасаду. Арганізатары запрашаюць далучыцца да яе ўсіх ахвотных, каб глыбей увайсці ў своеасаблівы спосаб малітвы, якім ёсць lectio Divina — чытанне Божага слова і разважанне над ім у кантэксце ўласнага жыцця.

Першыя «Дні цішыні для Мінска» адбудуцца 21 і 22 верасня.

«Гэта будуць два дні, субота і нядзеля, калі ў поўнай цішыні хочам схіліцца над Божым Словам. У сённяшнім гучным і хуткім свеце гэта будзе нібы аазіс, абаронены ад штодзённага стрэсу, дзе малітва становіцца падсілкоўваннем хрысціянскага жыцця веры, надзеі і любові. Наступныя «Дні цішыні для Мінска» адбудуцца 19 і 20 кастрычніка, а таксама 23 і 24 лістапада. Жадаем, каб удзел у гэтай малітоўнай ініцыятыве быў часам, каб даведацца, як маліцца і, перш за ўсё, як выхоўваць нас, сучасных людзей, у малітве ў эпоху лічбавай культуры», — адзначаюць арганізатары.

  • Узяць удзел можа кожны дарослы хрысціянін, запісаўшыся па спасылцы ТУТ>>>
  • Калі пасля рэгістрацыі вашыя планы змяніліся, арганізатары просяць як мага хутчэй паведаміць пра гэта па тэл.:
    +375 (33) 605 41 67 — кс. Андрэй Лысы SChr

Запіс вядзецца, пакуль ёсць месцы. Колькасць месцаў абмежаваная.

Памер ахвяравання ўдзельніка — 30 рублёў (не ўлічваючы пасілкаў).

Месца правядзення: Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, вул. Серафімовіча, 19.

Абноўлена 05.09.2024 11:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця