Пошук

20.08.2024 12:41   Catholic.by
Фота Сяргея Плыткевіча / Рlanetabelarus.by

У суботу 31 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніць пасвячэнне касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Урачыстая цэлебрацыя з гэтай нагоды ў новазбудаванай святыні распачнецца апоўдні.

Сёння касцёл святога Казіміра, размешчаны па адрасе: вуліца Ленінская, 72 — самы высокі будынак у райцэнтры.

Праграма

  • 12.00 – збор удзельнікаў каля касцёла, распачацце абрада пасвячэння, святая Імша
  • Пасля Імшы да 15.00 – культурная праграма і пачастунак
  • 20.00 – канцэрт каталіцкага музычнага праекта «Рыбы», выступ парафіяльнага хора
  • 21.30 – святочны салют і гімн «Цябе Бога праслаўляем»

Гістарычная даведка

Парафія святога Казіміра ў Стоўбцах існуе з 1623 года. Служэнне ў ёй неслі айцы дамінікане. Мураваны касцёл быў пабудаваны ў 1673 годзе, знішчаны ў 1958 годзе. Фундамент касцёла і часткова захаваная крыпта знаходзяцца ў зямлі пад стадыёнам сярэдняй школы № 2 горада Стоўбцы.

Першую фундацыю для касцёла дамініканаў зрабілі ў 1623 годзе кашталян і ваявода Мінскі Аляксандр Слушка са сваёй жонкай Зоф’яй Канстанцыяй з роду Зяновічаў са згоды віленскага біскупа Яўстафiя Валовiча.

Манахаў дамініканаў напачатку змясцілі пры драўляным касцёле, пасвячаным пад тытулам Марыі Магдалены ў суседняй Кавалёўшчыне, што на тэрыторыі сучаснай вёскі Задвор’е. Да 1640 года манахі пабудавалі драўляны жылы корпус кляштара і пачалі будаўніцтва мураванага касцёла.

З 1639 года кляштар атрымаў статус канвента, Стаўбцоўская дамініканская місія ўваходзіла ў Рускую правінцыю святога Яцка з цэнтрам у Львове. Першым прыёрам быў Фабіян Малішоўскі, які ў 1640 годзе вярнуўся ў Стоўбцы кіраваць будаўніцтвам святыні.

Тут айцец Фабіян завяршыў свой зямны шлях і быў пахаваны ў асвячонай у гонар святога Дамініка капліцы новазбудаванага касцёла.

З-за наступстваў вайны 1654–1667 гадоў пасвячэнне касцёла адбылося значна пазней, у 1675 годзе.

Напрыканцы XVIII стагоддзя ў мураваным кляштары дамініканаў размяшчаліся рэфектар, архіў, бібліятэка, дзейнічала парафіяльная школа і лякарня.

У 1831 годзе Стоўбцы былі канфіскаваныя ў князя Чартарыйскага царскім урадам з-за падтрымкі паўстання 1830–1831 гадоў, кляштар скасаваны, касцёл застаўся парафіяльным, але ў 1870 годзе, пасля паўстання 1863 года, быў ператвораны ў праваслаўную царкву святой Марыі Магдалены і пры гэтым значна перабудаваны. Падчас Першай сусветнай вайны будынак касцёла значна пацярпеў і ў такім стане быў вернуты католікам у 1921 годзе. У 1930 годзе на адной з вежаў касцёла зрабілі надбудову з высокім шпілем.

Падчас Другой сусветнай вайны святыня нязначна пацярпела і была зруйнавана ў 1958 годзе.

На месцы святыні да 2022 года знаходзіўся стадыён школы № 2 горада Стоўбцы. Цяпер гэтае месца перадаецца ва ўласнасць парафіі, плануецца часткова аднавіць захаваныя фрагменты касцёла. З гэтай мэтай вядуцца археалагічныя даследаванні.

У 2011 годзе на новым месцы распачалося будаўніцтва касцёла па праекце архітэктара Аляксандра Базевіча. У праект да 2019 года неаднаразова ўносіліся змены. Будаўніцтва вяла парафія пад кіраўніцтвам святароў з законніцкай кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Былі амаль узведзеныя сцены касцёла.

У 2019 годзе тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў пробашчам парафіі ў Стоўбцах ксяндза Ігара Лашука, які працягнуў будаўніцтва касцёла, перадаўшы прает архітэктару Аляксею Яроменку.

У касцёле ўжо амаль тры гады праводзяцца рэгулярныя набажэнствы. Вернікі ў гэты час пры падтрымцы ахвярадаўцаў займаліся аздабленнем святыні і добраўпарадкаваннем тэрыторыі, рыхтуючы касцёл да пасвячэння.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа