Пошук

06.08.2024 10:20   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

У суботу 12 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбудзецца ўрачыстая каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, якая ўжо больш за тры стагоддзі ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных.

Урачыстасці будзе папярэднічаць малітоўная падрыхтоўка — Навэнна да Маці Божай Барунскай, якая распачнецца ўжо ў бліжэйшую суботу, 10 жніўня.

14 кастрычніка 2023 года, падчас святкавання 330-годдзя з часу прызнання абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч публічна паведаміў, што прыняў рашэнне ўвянчаць абраз Маці Божай Барунскай спецыяльнымі каронамі.

«Гэта будзе бачным знакам нашай удзячнасці за апеку Найсвяцейшай Маці, за багатую і цудоўную гісторыю Яе прысутнасці ў гэтым санктуарыі, за незлічоныя ласкі, якія Яна нястомна просіць для нас», — адзначыў іерарх.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заклікаў прысутных падрыхтаваць свае сэрцы да такой вялікай падзеі, найперш праз малітву, паглыбленне веры і любові, яшчэ больш стараннае прыняцце сакрамэнтаў і асабістае навяртанне.

Фота: Grodnensis.by

Дзякуючы ахвярадаўцам і ўсім, хто аказваў малітоўную падтрымку, ксёндз Павел Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных, запрашае святароў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўсіх ахвотных у санктуарый для ўдзелу ў навэнне: «Каб праз Марыю кожны з нас адкрыў сваё сэрца і запрасіў Езуса: „Я Цябе чакаю, прыходзь, Пане Езу, у маё жыццё, а я буду ісці насустрач да Цябе“».

У межах навэнны на працягу дзевяці тыдняў у санктуарыі будуць узносіцца малітвы за Касцёл у Беларусі, за ўсе сем’і, Гродзенскую дыяцэзію і за нашу краіну.

Кожны можа прыйсці да цудадзейнага абраза з вялікім даверам, каб прасіць дапамогі Найсвяцейшай Маці, спадзеючыся на Яе неспасцігальную Мацярынскую любоў.

Суботы кожнага з гэтых тыдняў будуць прызначаны для пэўных дэканатаў Гродзенскай дыяцэзіі і малітоўных груп. Гэты падзел з’яўляецца ўмоўным: наведваць санктуарый могуць усе пілігрымы ў любы час.

Фота: Grodnensis.by

Знакавай падзеяй і кульмінацыяй навэнны стане доўгачаканая ўрачыстасць каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай, Суцяшальніцы засмучаных, якая адбудзецца ў санктуарыі 12 кастрычніка.

Пачатак у 12.00.

«Няхай каля святога абраза Маці Божай, нашай Суцяшальніцы ў Барунах, праз Яе магутнае заступніцтва засмучаныя атрымаюць суцяшэнне, хворыя — здароўе душы і цела, а прыгнечаныя і пакрыўджаныя — дапамогу і паратунак», — жадаюць арганізатары набажэнстваў.

Праграма навэнны па суботах
(падзел па дэканатах)

  • 10 жніўня – Ашмянскі дэканат
  • 17 жніўня – дэканаты Гродна-Усход, Гродна-Захад, Сапоцкінскі дэканат
  • 24 жніўня – Шчучынскі, Радунскі дэканаты
  • 31 жніўня – Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Мастоўскі дэканаты
  • 7 верасня – Навагрудскі, Слонімскі, Дзятлаўскі дэканаты
  • 14 верасня – Лідскі дэканат
  • 21 верасня – Івейскі дэканат
  • 28 верасня – Смаргонскі дэканат
  • 5 кастрычніка – Астравецкі дэканат

Кожную суботу ў 12.00 у санктуарыі будзе цэлебравацца Імша для пілігрымаў.

Для груп з дэканатаў, якія будуць наведваць санктуарый, будуць арганізаваныя экскурсійнае абслугоўванне і гарачы абед.

Атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэлефоне:
+375 (29) 582 25 62кс. Павел Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя ў Барунах

Фота: Grodnensis.by

Гісторыя абраза Маці Божай Барунскай

Гісторыя цудадзейнага барунскага абраза бярэ пачатак у канцы XVII стагоддзя, калі Маці Божая аб’явілася Мікалаю Песляку, калі той ляжаў моцна хворы і чакаў смерці.

«Чаму не задбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад Майго вернага слугі Бражыца? Хачу, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе пры Маім абразе»,— звярнулася да яго Найсвяцейшая Панна.

Багародзіца паабяцала дапамагчы Мікалаю: «Не клапаціся пра тое, што загадваю табе будаваць касцёл у глухой пушчы. Здзейсню, што нават тут будуць штодзённа Мяне вітаць людзі. Учыню так, што штодзённа будзеш мець нейкую ахвяру ад Маіх верных. Гэтае месца назавеш Барунамі. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца».

Такім чынам, як вынікае з гістарычных крыніц, абраз Маці Божай быў перададзены Мікалаю Песляку як найкаштоўнейшы скарб яго сваяком, айцом Язафатам Бражыцам з ордэна базыліянаў. Мікалай зразумеў сваё прызначэнне, даў прысягу Найсвяцейшай Панне выканаць Яе пажаданне, якое атрымаў падчас моцнай хваробы і поўнасцю выздаравеў.

У 1691 годзе ён наняў трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на вызначаным месцы крыж. На ім ён змясціў абраз. Дапамога Маці Божай стала адчувацца з першай хвіліны: калі на падрыхтаванае месца змяшчалі абраз і скарбонку, згубіўся цвік. Яго знайшоў і падняў сляпы жабрак, які праходзіў міма. Хто быў гэты бяздольны чалавек, невядома, але Божая ласка дакранулася да яго, і ён пачаў бачыць. 

Навіна хутка разнеслася па наваколлі, у Баруны сталі прыбываць людзі, і ўсе, хто з верай звяртаўся да Панны Марыі, адыходзілі суцешаныя і шчаслівыя.

Ахвяраванняў у скарбонцы хапала Мікалаю на кожны дзень будаўніцтва, як і абяцала Багародзіца ў сваім аб'яўленні. У 1692 годзе быў завершаны драўляны касцёл. Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці Божай у Барунах, распаўсюжджваліся ўсё далей. З усіх бакоў прыбывалі натоўпы людзей.

У тым жа годзе грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі адправіў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды, атрыманыя ад Маці Божай. У выніку да канца студзеня 1693 года былі правераны і занатаваны 72 цуды.

Пад прысягай складаліся сведчанні аб выратаванні жыцця, вяртанні з няволі, пазбаўленні ад невылечных хвароб, навяртанні закаранелых грэшнікаў і людзей малой веры, хрысціянскай падрыхтоўцы да смерці, цудоўным выздараўленні канаючых, нават уваскрашэнні памерлых. Перад Барунскім абразом людзі атрымоўвалі ў сэрцах адказы на свае пытанні. Некаторыя атрымлівалі ласку аздараўлення ў той момант, як толькі звярталіся да Нябеснай Суцяшальніцы.

Калі камісія скончыла працу, Мітрапаліт прыехаў у Баруны асабіста, каб разгледзець вынікі даследванняў. 2 лютага 1693 года іерарх выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў — праўдзівымі.

У наш час святыня ў Барунах была абвешчана санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных.

Абноўлена 06.08.2024 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця