Айцы францішкане запрашаюць ахвотных на біблійныя рэкалекцыі «Вінаграднік сярод пустыні», прысвечаныя Кнізе прарока Осіі, якія пройдуць з 22 па 24 верасня пры францішканскім кляштары ў Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Рэкалекцыі будуць спалучаныя з майстар-класам па мабільнай фатаграфіі, які правядзе прафесійны фатограф, выкладчыца і аўтар курсаў па мастацкай фотаздымцы Дар’я Сцяпанава.
Старазапаветная Кніга Осіі — ці не адна з самых асабістых у Святым Пісанні.
Бог пераконвае няверны Ізраэль у сваёй любові і клопаце. Усё гэта абвяшчае чалавек, імя якога значыць «ратунак», а яго драматычная сямейная гісторыя — увасабленне Божай вернасці. Як вяртацца да крыніцы Любові сярод пустыні абыякавасці і ператварыць сваю «пустыню» ў месца сустрэчы, між іншым, навучыць удзельнікаў рэкалекцый гэтая кніга.
Апроч канферэнцый, працы ў групах і асабістай малітвы, кожны з удзельнікаў мае магчымасць штодзённай размовы з душпастырам, дзякуючы якой зможа акрэсліць, на якую сферу жыцця скіроўвае яго ўвагу пачутае, прачытанае і прамедытаванае Божае Слова.
Удзел у рэкалекцыях могуць прыняць толькі паўналетнія асобы. Колькасць удзельнікаў абмежаваная.
- Запіс анлайн па спасылцы ТУТ>>>
Больш інфармацыі па тэл.:
+375 (29) 556 77 98 — айцец Яўген Голуб OFMConv