Пошук

04.09.2023 11:07   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

8 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад) адзначаць парафіяльную адпустовую ўрачыстасць.

З гэтай нагоды па запрашэнні новага пробашча заслаўскай парафіі ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў тутэйшай святыні ўзначаліць арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх таксама здзейсніць абрад благаслаўлення ўсталяванага ў заслаўскім касцёле аргана, прывезенага са Швецыі.

Інструмент быў збудаваны заснаванай у 1892 года шведскай арганабудаўнічай фірмай у горадзе Лідчэпінгу, якая з 1912 года вядомая пад назвай Nordfors & Co Orgelbyggeri. З 1952 па 1971 год уладальнікам кампаніі быў арганны майстар Орвар Смедман (1914–2008). Менавіта ў гэты перыяд і быў пабудаваны арган, усталяваны ў заслаўскім касцёле.

Ксёндз Антоній распавёў Catholic.by неверагодную гісторыю інструмента.

Невядома, якім чынам арган трапіў у Беларусь, але патомны беларускі арганны майстар Генадзь Чарняўскі знайшоў яго ў Мінску ў вельмі дрэнным стане і вырашыў аднавіць. Для гэтага майстар перавёз арган у свой гараж і распачаў карпатлівую працу.

Перш за ўсё яму давялося заняцца рамонтам труб, што вырабляюцца з мяккага металічнага сплаву, якія былі пашкоджаны. Генадзь Чарняўскі давёў сваю працу да паспяховага завяршэння, і ўпершыню арган загучаў у ягоным гаражы, дзе давялося нават разабраць столь, каб ён там змясціўся.

Цяпер арган гучыць у заслаўскім касцёле.

Гэта адносна невялікі інструмент: у яго адзін мануал (клавіятура для рук) і педаль (клавіятура для ног), але ён здольны напаўняць касцёльную прастору сваім гучаннем ад ціхага да ўзнёслага. У аргана пяць рэгістраў, розныя камбінацыі з якіх прыдатныя для суправаджэння адпаведных частак святой Імшы, а таксама для выканання сольнай і ансамблевай музыкі.

Заслаўскія вернікі на чале са сваім новым душпастырам шчыра запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел у супольнай малітве падчас парафіяльнай урачыстасці.

Праграма

  • 12.00 — адпустовая святая Імша
  • 13.00 – 1800 — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
  • 18.15 — сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і благаслаўленне аргана
  • 18.30 — урачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Абноўлена 04.09.2023 11:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.