Пошук

26.04.2023 14:37   Catholic.by

6 мая ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе збяруцца прадстаўнікі розных касцёльных рухаў з усёй Беларусi, і адной з частак гэтай сустрэчы стане iнтэрактыўная праграма для дзяцей.

Праграму пад назвай «Сэрца Марыi» супольна рыхтуюць удзельнікі руху «Сужэнскiя сустрэчы» i руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame.

  • Арганiзатары дзiцячай праграмы просяць да 1 мая ўключна зарэгістраваць удзельнікаў (дзяцей ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў) у анлайн-форме, змешчанай на галоўнай старонцы сайта руху Equipes Notre-Dame ТУТ>>>

Гэта неабходна для падрыхтоўкі раздатачных матэрыялаў і лепшай арганізацыі квэсту.

Iнтэрактыўная гульня пройдзе на тэрыторыi каля будслаўскай святынi, а калi будзе дождж — у памяшканні будслаўскага Дома культуры. Пажадана, каб усе дзецi мелi з сабою дажджавiкi.

Усiх удзельнiкаў пры рэгiстрацыi на квэст чакае незвычайны салодкi пачастунак «Вясёлкавая каша». Арганiзатары таксама звяртаюць увагу на тое, што ў Будславе не будзе арганiзаванага абеду для пiлiгрымау, i просяць узяць пасiлак з сабою.

Плануецца, што завяршэннем квэсту стане акт прысвячэнне сем’яў Беззаганнаму Сэрцу Марыi перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай.

Дзецi разам з анiматарамi будуць вяртацца ў святыню для благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам, таму арганiзатары просяць бацькоў загадзя распавесцi дзецям пра важнасць захоўваць цiшыню перад Езусам у Эўхарыстыі.

Для камфортнага ўдзелу ў сустрэчы сем’яў з маленькiмi дзецьмi ў Доме пілігрыма будзе арганiзаваны пакой «Мацi i дзiця».

Нагадваем, што малiтоўная сустрэча ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая пройдзе 6 мая, у першую суботу месяца, стане чарговай сустрэчай ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Разам з пiлiгрымамi пpерад цудадзейным абразом будзе маліцца Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Абноўлена 26.04.2023 16:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця