29 красавіка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе (Віцебская дыяцэзія) адбудуцца юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі.
Ва ўрачысыстасцях у браслаўскім санктуарыі возьме ўдзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы падзякі за стагоддзе руплівага служэння сясцёр кангрэгацыі.
Пачатак святой Імшы а 11-й гадзіне.
Кангрэгацыя сясцёр служабніц Езуса ў Эўхарыстыі — гэта жаночая законніцкая супольнасць, якая цалкам прысвяціла сябе малітве і апостальскай дзейнасці ў Касцёле. Заснаваў супольнасць благаслаўлёны Юрый Матулевіч, які ў 1923 годзе, калі з’явіліся эўхарысткі, быў Віленскім біскупам.
У сваёй апостальскай дзейнасці і ў адносінах з людзьмі эўхарысткі пашыраюць любоў да Хрыста, які прабывае на алтарах, а таксама заахвочваюць словам і прыкладам аддаваць Яму пашану ва ўсіх магчымых формах. Дэвіз кангрэгацыі «Усё для Хрыста і праз Хрыста» нахняе жыццё і дзейнасць сясцёр.