Пошук

18.01.2023 13:30   Catholic.by
Святы Францішак Сальскі. Вітраж / Аleteia

24 студзеня, ва ўспамін святога Францішка Сальскага, які ў Каталіцкім Касцёле ўжо сто гадоў лічыцца Апекуном журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, адзначаецца Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі.

З гэтай нагоды ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы, на якую запрашае журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. На заканчэнне іерарх удзеліць ім спецыяльнае пастырскае благаслаўленне.

Пачатак святой Імшы ў 18.30.

Усе ахвотныя змогуць духоўна далучыцца да супольнай малітвы з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by.

Сучасны свет немагчыма ўявіць сабе без сродкаў масавай інфармацыі. Да іх залічваюцца перадусім прэса, радыё, тэлебачанне і інтэрнэт, але ў больш шырокім сэнсе адносяцца таксама і папулярныя кнігі, кінафільмы і музыка.

Галоўнай прыкметай СМІ, або мас-медыя, з’яўляецца шырокі абсяг уздзеяння: перададзены інфармацыйны кантэнт мае публічны характар і прымаецца масава.

Тэрмін СМІ — сродкі масавай інфармацыі — ўпершыню з’явіўся ў ЗША ў 1940-х гадах і азначаў як масавую інфармацыйную вытворчасць, так і прыём, прастату, схематычнасць і даступнасць перадаванага зместу. У лічбавую эпоху інфармацыя набыла велізарнае сацыяльнае значэнне, як ніколі дагэтуль, а інтэрнэт стаў практычна неабмежаванай сусветнай прасторай сацыяльнай камунікацыі.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Штогадовае святкаванне Сусветнага дня сацыяльнай камунікацыі ў Каталіцкім Касцёле адбываецца па ініцыятыве Другога Ватыканскага Сабору. У саборным Дэкрэце пра сродкі масавай камунікацыі Inter mirifica ад 4 снежня 1963 года, між іншым, сказана:

«Каб умацоўваць розныя формы апостальства Касцёла ў галіне сродкаў масавай камунікацыі, паводле меркавання біскупаў ва ўсіх дыяцэзіях свету павінен быць устаноўлены адзін дзень у годзе, у які вернікаў павучалі б пра іх абавязкі ў гэтай сферы, заклікаючы да малітвы ў гэтай справе і да збірання ахвяраванняў на гэтую мэту. Гэтыя ахвяраванні трэба выкарыстоўваць выключна для ўтрымання i развіцця тых устаноў i ініцыятыў у гэтай сферы, якія падтрымлівае Касцёл, з улікам патрабаванняў усяго каталіцкага свету», — падкрэслена ў дакуменце.

Фота Віталія Палінеўскага

Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі быў устаноўлены Папам Паўлам VI у маі 1967 года.

Пачынаючы з 1986 года, ён адзначаецца 24 студзеня.

У гэты дзень Каталіцкі Касцёл успамінае святога Францішка Сальскага, якога Папа Пій XI роўна стагоддзе таму абвясціў апекуном журналістаў.

Абноўлена 24.01.2023 12:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа