Пошук

02.12.2022 10:53   Францішак Дубраўскі / Catholic.by
Ксёндз Сяргей Сурыновіч за мальбертам. Фота Францішка Дубраўскага

7 снежня ў выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы «Птушыны вянок» пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксяндза Сяргея Сурыновіча.

Святар з’яўляецца доктарам біблійнай тэалогіі і вядомы чытачам Catholic.by сваімі глыбокімі разважаннямі на Вялікі пост мінулага года, якія публікаваліся штодзённа.

Выстава яго мастацкіх твораў з’яўляецца вынікам працы святара-мастака ў 2022 годзе. Аўтар прадстаўляе на суд гледачоў 31 твор, выкананы ў тэхніцы алею на палатне.

Тэматычна ўсе падрыхтаваныя да паказу працы — плод разважанняў духоўнага творцы над праблемамі, узнятымі Папам Францішкам у энцыкліцы Laudato si, прысвечанай абароне стварэння.

Мастак ненавязліва і далікатна даводзіць гледачу нюансы іх духоўнага падтэксту, і за Святым Айцом заклікае кожнага з нас уважліва, ашчадна, адказна ставіцца да створанага Богам свету.

«Выстава «Птушыны вянок» — вяртанне ксяндза Сурыновіча да жывапісу пасля працяглага перапынку. Сэнсам яго жыцця, пакліканнем, як сам ён кажа, з’яўляецца для яго святарства і служба людзям і Богу. Жывапіс жа для яго — адзін са сродкаў служэння, што дапамагае ўбачыць Бога ў дэталях і праявах створанага Ім свету. Што, зразумела, немагчыма без умення ставіцца да свету і чалавека ў ім шчыра і спагадліва.

Цяперашняя персанальная выстава ксяндза Сяргея Сурыновіча ў Віцебску ўжо другая. Першая адбылася тут у 2007 годзе. А да таго былі выставы ў музеі горада Цільзіта, у музеі Крысціянаса Данэлайціса, у Доме народнай творчасці ў Калінінградзе. Такім чынам сёлетняя ў горадзе над Дзвіной — годны працяг знаёмства аматараў мастацтва з творчасцю ўсебакова адоранага талентамі (сярод іншых — паэтычным) святара.

Адкрыццё выставы — 7 снежня а 16-й гадзіне ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва па адрасе: пр-т Фрунзе, 11, музычная гасцёўня.

Выставу можна  наведаць да 26 лютага 2023 года.

Абноўлена 07.12.2022 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.