З 11 па 15 ліпеня група міністрантаў і кандыдатаў у міністранты з парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) паўдзельнічала ў выязным летніку «Канікулы з Богам».
Хлопцы разам са сваімі душпастырамі ксяндзом пробашчам Юрыем Жэгарыным і вікарыем ксяндзом Дзмітрыем Мальцам правялі пяць незабыўных дзён у старадаўнім пабэрнардынскім кляштары пры парафіі Святой Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія, Браслаўскі дэканат). Гэтае месца славутае тым, што стала «калыскай» адроджанай благаслаўлёным біскупам Юрыем Матулевічам кангрэгацыі марыянаў і створанай ім жаночай супольнасці сясцёр эўхарыстак.
Праграма летніка складалася з трох асноўных частак: малітвы, пазнавання Божага Слова і Традыцыі Касцёла, а таксама адпачынку. Падчас «Канікул з Богам» святары з Навагрудка правялі для хлопцаў рэклекцыі.
Акрамя прабывання ў Друі, міністранты мелі экскурсійныя выезды ў Браслаў, Ідолту, Слабодку, на гару Маяк і ў іншыя цікавыя мясціны. З захапленнем хлопцы прынялі ўдзел у евангелізацыйнай выправе па мясцовасці. Удзельнікі летнікі і іх душпастыры з удзячнасцю будуць памятаць гасціннасць друйскага пробашча ксяндза Сяргея Сурыновіча.